Культу асобы Лукашэнкі – быць?


Школьнікаў Магілёўшчыны возяць на экскурсіі ў мясціны, звязаныя з Лукашэнкам. У праграме паездкі – наведванне вёскі Александрыя і сяльгасакадэміі ў Горках, дзе вучыўся самаабвешчаны прэзідэнт. Ці азначае гэта, што ў Беларусі ствараюць культ асобы? Навошта гэта магло спатрэбіцца рэжыму?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Дарогай першага» – так называецца новы турыстычны маршрут для школьнікаў праз мясціны, звязаныя з біяграфіяй Аляксандра Лукашэнкі. Інфармацыю пацвердзілі ў «Магілёўаблтурызме». Падобнае практыкуецца ў Паўночнай Карэі: наведванне меркаванага месца нараджэння Кім Ір Сэна стала часткай культу ягонае асобы. У лукашэнкаўскай прапагандзе родныя мясціны ўзурпатара таксама знакавыя. Школа, матчына хата (насамрэч не арыгінальная, а адбудаваная наноў) і крыніца, якую быццам бы знайшоў Лукашэнкаў дзед. Туды і турыстаў водзяць, і высокіх гасцей.

Сродкамі мастацтва публічна ўсхваляць Лукашэнку спрабавалі яшчэ ў нулявыя.

«Для звычайных беларусаў стваралі вобраз лідара нацыі. Зразумела, пасля 2020 года гэта, напэўна, узмацнілася, бо трэба было спрабаваць вярнуць яму любоў народную», – кажа галоўная рэдактарка «Media IQ» Надзея Белахвосцік.

Пасля падзеяў 2020 года хвалю падхалімства, відаць, стрымліваць перасталі. У ход пайшоў і жывапіс: наведнікам Палацу Незалежнасці дэманструюць выставу, што апявае слынныя забегі з аўтаматам. А цяперашняя ініцыятыва з экскурсіямі ў Лукашэнкавыя мясціны скіраваная на моладзь.

«Стала відавочна, што ні той БРСМ, ні іншыя структуры не даюць рады ў прамыванні мазгоў і фармаванні любові да Лукашэнкі. І таму робіцца гэта ўсё», – кажа Зміцер Лукашук, журналіст «Еўрарадыё», суаўтар кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Сочы, Расея. 9 чэрвеня 2023 года.
Фота: president.gov.by

Былы чыноўнік, намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан спробы стварыць культ асобы звязвае з імавернымі планамі Лукашэнкі стаць старшынём так званага Усебеларускага народнага сходу.

«Калі ён будзе ва УНС, яго старшынём, то будзе вышэйшы за Бога. Вышэйшы за прэзідэнта. Таму і спрабуюць выбудоўваць для яго міфалагему бацькі нацыі», – кажа Арцём Брухан.

Ці выстачыць рэсурсаў, каб стварыць паўнавартасны культ асобы?

«Часы змяніліся. І поўную блакаду паставіць, калі да цябе не даходзіць ніякая інфармацыя і ты спакойна выхоўваеш так, як табе трэба, і прамываеш мазгі – гэта ўжо сёння немагчыма», – мяркуе Зміцер Лукашук.

Калі ноу-хау ад ідэолагаў Лукашэнкі палічаць паспяховым, на экскурсіі павязуць дзяцей не толькі з Магілёўшчыны, але і з іншых рэгіёнаў. А пакуль трывае эксперымент, Савет Міністраў прапаноўвае законапраект, што дазволіць уганароўваць Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнымі ўзнагародамі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»