Лукашэнка прамовіў да «правільных» кабет


«У Беларусі няма гендарнай няроўнасці. Створаныя ўмовы для нараджэння і выхавання дзяцей. Засталося толькі жаночую партыю стварыць!» Аляксандр Лукашэнка выступіў перад дэлегаткамі «Беларускага саюзу жанчын». Менавіта на гэтае аб’яднанне ён ускладае вялікія надзеі: каб змагаліся «ЗА» традыцыйную сямʼю і «СУПРАЦЬ» чайлд-фры., прасоўвалі правільны патрыятызм. А чаго чакаюць беларускі ад дзяржавы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Наперадзе – жаночае свята. З гэтай нагоды Лукашэнка звярнуўся да выбраных прадстаўніц гендару – сябраў «Беларускага саюзу жанчын»:

«Вы і толькі вы зʼяўляецеся наперадзе – у авангардзе вось гэтага патрыятычнага руху. Менавіта вы любіце так сваю краіну, радзіму, як ніхто іншы».

Лаяльная рэжыму грамадская арганізацыі налічвае 162 тысячы чальцоў. Рэалізоўвае дзясяткі дзяржаўных праграм: узнагароджвае паспяховых жанчын і вынятковыя семʼі, дапамагае сіротам. А таксама – дзецям з Данбасу (разам са скандальна вядомым фондам Талая, што незаконна возіць у беларускія санаторыі падлеткаў з акупаваных тэрыторыяў Украіны).

«У нас ёсць такія, маўляў, добрыя і нядобрыя жанчыны, правільныя і не правільныя жанчыны. І вось Лукашэнка сустракаўся, умоўна кажучы, з “правільнымі”, з ягонага пункту гледжання, жанчынамі. Якія таксама зʼяўляюцца лаяльным электаратам», – кажа гендарная даследніца Алена Агарэлышава.

Лукашэнка лічыць, што БСЖ заслугоўвае перафарматавання ў партыю. І што гэтыя кабеты могуць намовіць іншых беларусак на выкананне дзяржаўных дэмаграфічных задач. Пачынаючы з ковіднага 2019-га года амаль на 10 % штогод падае нараджальнасць – спахапілася летась Наталля Качанава. Статыстычныя звесткі закрытыя пасля 2019-га года, калі ў Беларусі нарадзіліся 87,6 тыс. дзяцей. Атрымліваецца, што ў 2023-ім годзе магло нарадзіцца 57,5 тыс. немаўлят.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка. Сочы, Расея. 15 верасня 2023 года.
Фота: Kremlin.ru

Парадаксальна, бо нараджаць беларусы хочуць: 80 % апытаных сацыёлагамі Акадэміі навук плануюць мець дзяцей, Больш чым 52 % – баяцца, што не змогуць забяспечыць дзіця ўсім неабходным. Ёсць яшчэ адзін фактар, які НАН Беларусі не стаў бы агучваць – палітычны.

«Эмігруюць, натуральна, маладыя, якія акурат маглі нараджаць дзяцей, але нараджаюць іх толькі ў Польшчы, Літве, іншых краінах. А тыя, хто знаходзіцца ў Беларусі, з такою хваляй рэпрэсіяў і калі пад бокам вайна і дрэннае эканамічнае становішча… Калі ў такіх умовах людзі цалкам сумленна прымаюць рашэнне не нараджаць у гэты момант, то гэта вельмі зразумелыя паводзіны», – кажа культуролаг Вадзім Мажэйка.

«Мір і дабрабыт мы абавязаныя вам забяспечыць», – слушна казаў сёння дыктатар. Падкрэсліваў, што статус жанчыны ў сучасным грамадстве ўмацаваўся:

«Усе размовы пра гендарную роўнасць для нас – неактуальныя! Становішча жанчыны ў грамадстве вызначаецца яе прафесіяналізмам, адукаванасцю, павагай і чулым стаўленнем з боку мужчыны. І дзяржава для гэтага стварае адпаведныя ўмовы».

Калі параўнаць з суседзямі, то ў эканоміцы Беларусі і сапраўды працуе выняткова шмат жанчын. І высокія пасады яны, сапраўды, займаюць. Але не найвышэйшыя.

«Гэта можа быць намесніца дырэктара, намесніца кіраўніка, жанчына, якая ўзначальвае аддзел, але ўсё роўна самы галоўны мае быць мужчынскага роду», – канстатуе Алена Агарэлышава.

Што датычыць сацыяльнага сектару, абодва эксперты звярнулі ўвагу на праблему гвалту – хатняга і на сексуальным тле.

«Дзяржава не здольная дапамагчы людзям, якія аказаліся ў цяжкай сітуацыі, не здольная іх абараніць. Замест гэтага яна сама гвалціць, сама правакуе гэты гвалт, прапагандуе. І яшчэ замінае недзяржаўным арганізацыям працаваць».

А таксама забірае ў жанчын права – выконваць ці не – сваю біялагічную функцыю. Беларускаму саюз жанчын даручана стаць сцяной супраць ідэі чайлд-фры і іншых «сучасных вычварэнняў».

Юлія Цяльпук, «Белсат»