Праваслаўны свет святкуе Каляды


Каляды сёння святкуюць праваслаўныя вернікі і некаторыя іншыя хрысціяне. Шмат для каго гэта – адно з самых любімых і чаканых святаў. Свята дабрыні і святла, са сваімі традыцыямі і прыкметамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Праваслаўныя беларусы традыцыйна пачынаюць святкаваць Каляды ў царкве. А для кагосьці – гэта найперш сямейнае свята, калі ўсе родныя збіраюцца разам. Святар Беларускай праваслаўнай царквы Аляксандр Кухта лічыць, што кожны мае сам абіраць, як святкаваць Каляды. Галоўнае, адзначыў ён, не забываць пра Хрыста, прыход якога ў свет мы адзначаем у гэты дзень.

«Традыцыя святкаваць Раство, збірацца сям’ёй з’яўляецца на мяжы 4-5 стагоддзяў. І на самой справе мы не ведаем менавіта, калі нарадзіўся Хрыстос. Пэўна, гэта было летам ці вясной. Але зараз акрамя Вялікадня ёсць 12 галоўных хрысціянскіх святаў. Раство, пэўна, самае прыгожае з іх», – распавёў Аляксандр Кухта.

Дарэчы, 7-га студзеня, паводле юліянскага календара, Раство святкуюць далёка не ўсе праваслаўныя хрысціяне. Летась ва Украіне дазволілі ладзіць калядныя набажэнствы ў цэрквах 25-га снежня, то бок, паводле грыгарыянскага календара. І размовы наконт адзінай даты сярод вернікаў не сціхаюць ужо некалькі гадоў.

«Пэўна галоўнае – гэта не дата. Гэта не дзень, які мы пазначаем у календары. Гэта – настрой і любоў паміж намі ўсімі. Што і вам усім таксама жадаю, і сабе жадаю – застацца людзьмі, любіць адзін аднаго», – мяркуе Аляксандр Кухта.

Спрачацца і сварыцца на Каляды нельга. Сустракаць гэты дзень трэба толькі з пазітыўнымі думкамі, нагадвае святар Аляксандр Шрамко.

«Павінен быць настрой чакання. Чакання нечага добрага, пераменаў. Перараджэння нашага жыцця. Таму што Хрыстос прыйшоў у свет з Евангеллем, што сведчыць пра новае жыццё. І мы чакаем гэтае новае жыццё», – дадаў Аляксандр Шрамко.

А яшчэ, кажуць, на Каляды адбываюцца цуды. Толькі трэба ў іх верыць. Якога цуду чакаеце вы? З такім пытаннем у святочны вечар мы звярнуліся да жыхароў Вільні.

«Усе мы чакаем цуду. Хтосьці маленькага, хтосьці вялікага. Мы ўсім жадаем міру. Для нас галоўнае, каб усе былі здаровыя», – распавяла Святлана.

«Мне здаецца, што галоўны цуд – гэта мір, які мае адбыцца», – адзначыла Ядзвіга.

І няхай самае запаветнае жаданне здзейсніцца ў кожнага, хто сёння яго загадаў!

Ірына Юрʼева, «Белсат»