Распачаўся суд па «справе TUT.BY»


«Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы», «ухіленне ад выплаты падаткаў», «распальванне варожасці або разладу». У гэтым рэжым вінаваціць галоўную рэдактарку TUT.BY Марыну Золатаву і генеральную дырэктарку Людмілу Чэкіну.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Праз гэты разгром медыякарціна нашай краіны кардынальна змянілася, – мяркуе намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі. – Да 2021 году ўявіць, што ў Беларусі будзе заблакаваны TUT.BY, было проста нерэальна. Гэта была асноўная крыніца незалежнай інфармацыі».

18 траўня 2021-га. У офіс TUT.BY, а таксама дадому да некаторых журналістаў і галоўнай рэдактаркі Марыны Золатавай прыйшлі прадстаўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў. Працаўнікоў TUT.BY затрымалі. Неўзабаве быў заблакаваны сам інтэрнэт-партал. Ён не працуе дагэтуль.

«TUT.BY незалежна асвятляў падзеі, якія адбываліся ў 20-ым годзе, размяшчаў інфармацыю пра мітынгі, людзей, што выходзілі, катаванні, беззаконні. Гэта выключна палітычны пераслед журналістаў і бізнесу, які быў звязаны з рэдакцыяй», – кажа сузаснавальнік TUT.BY Кірыл Валошын.

Акрамя Марыны Золатавай і Людмілы Чэкінай у справе праходзяць рэдактаркі парталу Вольга Лойка і Алена Талкачова, а гэтаксама юрыскансультантка Кацярына Ткачэнка. Зрэшты, яны змаглі выехаць з краіны.

«Ва ўладзе безумоўна ёсць тыя, якія або атрымалі загад, або непасрэдна хочуць пакараць яскравых людзей, якія максімальна асацыююцца з больш чым 20-цігадовай гісторыяй TUT.BY», – разважае Кірыл Валошын.

Адметна, што нават праз паўтара года пасля закрыцця TUT.BY многія беларусы не могуць прызвычаіцца да яго адсутнасці ў інфармацыйнай прасторы.

Беларусы Вільні:

«У мяне там была пошта заўсёды. І наколькі я памятаю словы Зісера, “калі не будзе TUT.BY, будзе TAM.RU”. Вы гэтага жадаеце? Вядома, не».

«Гэта быў незалежны партал. Чэрпаў адтуль усю інфармацыю, сачыў».

«Уся інфармацыя, якую падаваў TUT.BY, была вельмі цікавай. Я слухала навіны, чытала, для мяне гэта быў вялізны інфармацыйны сродак».

TUT.BY стаў далёка не адзіным прыкладам ціску рэжыму Лукашэнкі на незалежныя медыі. Цяпер іх у Беларусі практычна няма. Да таго ж за кратамі застаюцца 33 прадстаўнікі прэсы. Сярод іх і журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева, асуджаная на 8 гадоў і тры месяцы калоніі ўзмоцненага рэжыму.

«У цэнтры Еўропы ёсць краіна, дзе за кратамі па палітычных матывах знаходзіцца больш за 1500 чалавек, – кажа Барыс Гарэцкі. – 33 з іх – гэта журналісты – людзі, якія проста рабілі сваю працу. І ў якасці пакарання, яны апынуліся за кратамі».

«Часам не да законаў». Для фігурантаў справы TUT.BY, як і для іншых палітвязняў, адсутнічае спадзеў на справядлівы суд. Выглядае на тое, што зняволеныя ў палітычных справах будуць сядзець да канца сваіх тэрмінаў або да змены ўлады ў Беларусі.

«У нас у рэдакцыі няма ніякіх сумневаў у тым, што справа TUT.BY сфабрыкаваная ад пачатку і да канца, і паўстала толькі таму, што рэжым баіцца журналістаў. Баіцца сапраўдных навінаў. Мы лічым, што працаўнікі TUT.BY маюць быць вызваленыя ў судовай зале», – кажа рэдакцыя «Зеркало» у сваім звароце.

Зрэшты, знішчыць беларускія незалежныя медыі ў рэжыму не атрымалася – яны цяпер працуюць з-за мяжы. Прыкладам, як «Зеркало» – праект каманды TUT.BY. Або як журналісты нашага тэлеканалу.

Ян Федаровіч, «Белсат»