«Я ўпэўнены, што аказаць дапамогу яму трэба было раней». Стала вядома пра яшчэ аднаго памерлага вязня


Мастак Руслан Карчаулі памёр у гарадзенскай турме ад пнеўманіі. Ягоны знаёмы, музыка Алесь Дзянісаў, які і паведаміў пра смерць, мае інфармацыю, што Руслан прабыў за кратамі каля 2–3 месяцаў. Дакладнае абвінавачанне невядомае. Таксама Алесь не ведае, ці меў зняволены сур’ёзныя хваробы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я ўпэўнены, што аказаць дапамогу яму трэба было раней. Па маіх дадзеных, ён памёр у аўтамабілі хуткай дапамогі. Але тое, што ў самы апошні момант гэтая хуткая была выклікана, і тое, што ён памёр менавіта на руках у медыкаў, – гэта, канечне, сведчыць пра тое, што добрага агляду з боку дактароў турмы не было».

А два тыдні таму памерла асуджаная з гомельскай папраўчай калоніі. Медыкі мясцовага гарадскога шпіталю паведамілі праваабаронцам, што прычына – у нясвоечасовай дапамозе дактароў у калоніі, якія да апошняга не хацелі вывозіць жанчыну.

Праваабаронца Васіль Завадскі, які да 2010 года кіраваў медслужбаю дэпартаменту выканання пакаранняў МУС, апавядае, што праблема – і ў колькасці кадраў. Раней на калонію нават з тысяччу і больш чалавек мог быць адзін лекар:

«Калі ўлічыць сітуацыю, якая адбываецца зараз з забяспечанасцю лекарамі ў грамадскай сферы аховы здароўя, можна сабе ўявіць, што ў пенітэнцыярнай сістэме сітуацыя яшчэ больш пагоршылася. І ў нас ёсць і зараз такія паведамленні, што сапраўды, напрыклад, у Ваўкавыску, у Навасадах у калоніях вельмі складаная сітуацыя з забеспячэннем лекарамі».

Праваабаронца падзяліўся інфармацыяй пра тое, што часам на дактароў цісне кіраўніцтва калоніі, каб да палітвязняў было асаблівае стаўленне. Напрыклад, Васіль Завадскі кажа, што калі+- знепрытомнеў, яго мусілі неадкладна перавесці ў медчастку, чаго не зрабілі.

Увогуле за кратамі цяпер 74 палітвязні з інваліднасцю або цяжкімі хваробамі.

«Што датычыць змяшчэння ў штрафны ізалятар. Згодна з патрабаваннямі заканадаўства, нарматыўнымі дакументамі, па-першае, медык павінен даць заключэнне, можа ці не можа зняволены ўтрымлівацца ў штрафным ізалятары па стане здароўя. І другое – штодзённа павінен аглядацца», – апавядае Васіль Завадскі.

Гэтак, эксперт лічыць, што Марыю Калеснікаву не штодзённа аглядалі ў ШІЗА. Інакш перытаніт заўважылі б раней.

Выпадкаў хапае: праект «Палітвязынка» апублікаваў ананімна гісторыю жанчыны, якая паўгода не магла трапіць да гінеколага. Былая валанцёрка і адміністратарка ТГ-каналу Кіра Баяранка пасля паўгода за кратамі страціла дзіця – да яе не пускалі гінеколагаў.

Былая палітзняволеная Вольга Паўлава пасля галадоўкі правяла месяц у медчастцы жодзінскай турмы ды падзялілася ўспамінамі:

«Там такое стаўленне абыякавае да ўсіх агулам, не толькі да палітычных вязняў, да любога вязня там такое стаўленне адбываецца. Са мной разам была жанчына, якой было за 60 год, у яе былі праблемы насамрэч са здароўем. І нікога гэта не цікавіла».

Таксама Вольга ўзгадвае, што ў турме не хапала дактароў і лекаў. Напрыклад, доступу да спіртовых раствораў не было, а гэта спірт, ёд, зялёнка:

«Больш за ўсё гэта проста цытрамон, парацэтамол, аспірын і валідол – на гэтым канчаецца пералік лекаў».

У 2021 годзе, каб дамагчыся медычнай дапамогі, палітвязень Дзмітрый Кулакоўскі праглынуў лыжку. У яго праблемы з ціскам і дыябет.

Учора балгарскі суд адмовіўся экстрадаваць украінскага валанцёра Дзмітрыя Трафімчука, якога шукаў Інтэрпол на запыт Беларусі. Абгрунтавалі рашэнне тым, што ў нашай краіне мужчыну пагражае гвалт і бесчалавечнае стаўленне.

Яна Шэк, «Белсат»