Ці будзе Кітай падтрымліваць Лукашэнку?


Сі Цзінь Пін афіцыйна пераабраны кіраўніком Кітаю. Лукашэнка не толькі павіншаваў яго з гэтым, але і запрасіў прыехаць у Беларусь. Ці азначае трэці тэрмін Сі Цзінь Піна, што найбліжэйшыя пяць гадоў Лукашэнку гарантаванае палітычнае і эканамічнае падтрыманне з боку Пекіну? І ці выратуе рост гандлю з Кітаем беларускую эканоміку?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сі Цзін Пін трэці раз стаў старшынём КНР. Пасада гэтая – хутчэй прадстаўнічая. Свае рэальныя ўладныя паўнамоцтвы ён падоўжыў яшчэ летась, калі пераабраўся генеральным сакратаром кітайскай кампартыі. І за гэтае пераабранне, выглядае, перажываў Лукашэнка. Прычына хвалявацца была. Падобна, што Менск шукае ў кіраўніка Кітаю палітычнага падтрымання. Напрыклад, сёння Лукашэнка не проста павіншаваў Сі Цзінь Піна, але і запрасіў яго прыехаць у Беларусь. Але наколькі важны сам Лукашэнка для кітайскага кіраўніка?

«Гэта чарговы аўтарытарны лідар, якіх у Сі Цзін Піна шмат і які яму, мабыць, не такі ўжо цікавы. Гэта важна для Лукашэнкі – паказаць, што ён самастойная фігура, што ён стаіць побач са старшынём Сі», – кажа кітаіст Аляксей Чыгадаеў з Ляйпцыгскага ўніверсітэту.

Афіцыйны Менск сапраўды шырока выкарыстаў візіт Лукашэнкі ў Кітай ва ўнутранай прапагандзе. Сёння самаабвешчаны прэзідэнт пахваліўся таксама эканамічнымі вынікамі сустрэчы.

«У выніку нядаўняга візіту ў Пекін падпісаныя амаль чатыры дзясяткі кантрактаў на тры з паловай мільярда долараў. Цяпер трэба не ўпусціць час праз бясконцыя прапрацоўванні і ўзгадненні. Мы мусім не толькі нарасціць таварны паток, але і ўзяць тэхналогіі, стварыць у сябе перадавыя вытворчасці», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Летась асновай беларускага экспарту былі калій, драўніна і харчы. Кітай пастаўляў у Беларусь маторны транспарт і запчасткі, машыны, электроніку, а таксама адзенне, абутак ды іншыя тавары шырокага спажывання. Але нашая краіна купляе ў Кітаю на значна большую суму, чым прадае яму. Дый інвеставаць у стварэнне ў Беларусі перадавых вытворчасцяў, як марыць Лукашэнка, Кітай не спяшаецца, кажа эканаміст Віталь Алейнік.

«З пункту гледжання інвестыцыяў у асноўны капітал, з пункту гледжання прыўнясення абсталявання, нейкіх тэхналогіяў мы бачым, што ўсё гэта падае. Бо Кітай цалкам застаецца ў рэчышчы санкцыйнага рэжыму фактычна», – мяркуе Віталь Алейнік.

Акрамя таго, рэжым Лукашэнкі паставіў пад пагрозу эканамічныя інтарэсы Кітаю, калі сапсаваў зносіны Беларусі з Захадам.

«Калі мы бачым, напрыклад, закрыццё памежных пунктаў “Баброўнікі” і “Стасілы”, то гэта адбіваецца на тым, як складаецца лагістыка для Кітаю. І кітайцаў гэта непакоіць», – кажа Віталь Алейнік.

Каб уявіць маштаб кітайскага непакою, адзначым, што пазалетась больш за 80 % кітайскіх кантэйнерных перавозаў у Еўразвяз чыгункаю ішло менавіта праз нашую краіну. Але ўсе гэтыя праблемы не азначаюць, што Кітай зацікаўлены ў змене ўлады і дэмакратызацыі ў Беларусі, мяркуе Аляксей Чыгадаеў.

«Навошта прыслухоўвацца да беларускага народу, да яго волевыяўлення на выбарах? Гэта доўгая і нецікавая гісторыя. І штораз трэба мяняць палітыку. А калі ў цябе адзін чалавек, з якім ты дамаўляешся ўжо 30 гадоў, – гэта ідэальныя стасункі», – тлумачыць кітайскі пункт гледжання Аляксей Чыгадаеў.

Дый дэмакратычная ўлада можа перагледзець раней падпісаныя эканамічныя пагадненні з Кітаем, кажа эксперт. Таму Сі Цзінь Пін не будзе супраць змены ўлады ў Беларусі толькі ў тым выпадку, калі на месца Лукашэнкі прыйдзе такі самы аўтакрат, з якім можна лёгка дамовіцца.

Валянцін Васіленка, «Белсат»