11-га красавіка 2011 года ў гадзіну пік на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў Менску адбыўся тэрарыстычны акт. Паводле афіцыйнай версіі, каля цягніка, што прыбыў на станцыю, выбухнула самаробная бомба.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
У выніку тэракту пятнаццаць асобаў загінулі, некалькі соцень – пацярпелі. Ужо наступным днём сілавікі паведамілі пра знойдзеных падазраваных, а яшчэ праз дзень, 13-га красавіка, Лукашэнка абвясціў пра іхнае затрыманне:
«Сёння а пятай раніцы яны далі паказанні. Галоўнае – мы знаем, хто і як здзейсніў тэракт. Пакуль толькі не ведаем, навошта».
Абвінавачанні выставілі нарадзінцам Віцебску: 25-гадовым Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву. На судзе Кавалёў заявіў пра прымус падчас следства і адмаўляў віну. Канавалаў ад паказанняў адмовіўся. Нягледзячы на шэраг несупадзенняў і недахопаў следства і судовага разбору, абодвух прызналі вінаватымі і асудзілі на расстрэл.
«Так хутка былі расстраляныя Канавалаў і Кавалёў, каб не прасачылася ніякая інфармацыя. А пасля гэтага прынятае рашэнне пра знішчэнне рэчавых доказаў у гэтай справе – гэта і кавалкі вагону прабітыя, і асколкі граніту», – нагадвае праваабаронца Павел Левінаў.
Але альтэрнатыўныя версіі пачалі з’яўляцца амаль адразу. Між іншага і таму, што менш як праз гадзіну пасля трагедыі Лукашэнка разам з малым сынам наведваў месца выбуху.
«Што ён там яму паказваў? Што сын, нам з табой дазволена ўсё? Мы можам глуміцца з гэтага народу – і нам за гэта нічога не будзе? Я б, напрыклад, свайго ніколі не рызыкнуў бы дзіця павесці туды, дзе кроў. І больш таго, дзе я не ўпэўнены, можа, яшчэ бомба ляжыць. Але ж ён чамусьці быў упэўнены, што няма іншай бомбы», – кажа кіраўнік грамадскай арганізацыі «Беларусь 2.0» Сяргей Бульба.
Гэты тэракт адкрыў новыя метады, якія спецслужбы Беларусі выкарыстоўваюць і сёння, кажа былы працаўнік спецпадраздзялення «Алмаз», прэзідэнт фонду «Новы край» Ігар Макар:
«Не было паказана ніводнага відэа з камераў назірання – паўнавартаснага запісу, без абрэзкаў, без мантажу. Гэта таксама відавочны факт. Відаць, спецслужбы Беларусі ўжо тады практыкаваліся ў кінематографе».
Менавіта лукашэнкаўскія ўлады былі зацікаўленыя ў гэткім тэракце, лічаць усе нашыя суразмоўцы.
«Менавіта гэты тэракт адвёў людзей ад разумення, што ў Беларусі кепская эканамічная сітуацыя і вельмі нестабільная палітычная сітуацыя», – кажа Ігар Макар.
У віну Кавалёва і Канавалава не верылі не толькі праваабаронцы ды пацярпелыя падчас таго тэракту, але і самыя спецслужбы, падкрэслівае Сяргей Бульба. З ягоных словаў, тагачасны кіраўнік следчай групы Андрэй Швед нават меў праз гэта запой і не хацеў падпісваць дакументаў. Але менавіта гэты подпіс і стаў першай прыступкаю ў сённяшняй карʼеры Шведа – цяпер ён кіруе Генпракуратурай.
«Цяпер ён замурзаны фактычна, ён разумее, што зваротнага шляху няма, таму імкнецца задушыць апанентаў. Хаця ён цудоўна разумее, што гэтая ўлада даўно не ёсць законна абранай», – кажа Сяргей Бульба.
З яго словаў, аператыўныя працаўнікі міліцыі, якія пасля выбуху ў метро прыйшлі са сваімі сумневамі да міністра ўнутраных справаў, мусілі звольніцца з органаў.
Ірына Дарафейчук, «Белсат»