Больш за 500 спробаў парушэння дзяржаўнай мяжы Польшчы з боку Беларусі зафіксавалі за апошнія тры дні працаўнікі Памежнай аховы – польскай памежнай службы. Усё паказвае на новую хвалю міграцыйнага крызісу, створанага рэжымамі Лукашэнкі і Пуціна. Паралельна з гэтым у расейскамоўных групах эмігрантаў, якія жывуць у Польшчы, зноў сталі з’яўляцца абʼявы аб пошуку кіроўцаў для высокааплатнай працы. Перавозіць трэба якраз нелегалаў. Замоўцы абяцаюць за гэта тысячы еўраў.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
10-га красавіка нелегальныя мігранты з краінаў Афрыкі і Блізкага Усходу штурмавалі беларуска-польскую мяжу. Яны спрабавалі трапіць у Еўрапейскі Звяз. У натоўпе больш за 220 чалавек. Яны ўзброеныя лесвіцамі і камянямі. Нягледзячы на колькасную перавагу нелегалаў, польскім памежнікам удалося адбіць атаку.
Але так бывае не заўжды. Часта нелегальныя мігранты разбітыя на меншыя групы, і ім удаецца трапіць у Польшчу. Гэтая краіна для іх толькі пачатак шляху. Канчатковыя пункты прызначэння – Нямеччына і Францыя. Самі даехаць туды яны не могуць. Таму арганізатары нелегальнай міграцыі актыўна шукаюць у Еўразвязе курʼераў, гатовых зарабіць на гэтым вялікія грошы.
«Вадзіла легкавога аўто за аднаго пасажыра можа зарабіць ад 250 да 500 еўра. Для чатырох пасажыраў адпаведна ён максімум можа зарабіць 1500 – 2000 еўра. Кіроўца буса за 5 пасажыраў можа зарабляць ад 2000 да 2500 еўра. Максімум, што ён можа зарабіць гэта 3500-4000 еўра за 8 пасажыраў. Аўто можа быць як сваё, так і арандаванае. Зацікавіла такая праца? Пішы ў тэлеграм!»
У сувязі з новай хваляй нелегальнай міграцыі такіх прапановаў у мэсэнджэрах шмат. Усе яны на расейскай мове і разлічаныя найперш на выхадцаў з краінаў былога СССР. Мы напісалі паведамленні адразу ў некалькі чатаў. Удакладнілі, што жывем у Варшаве і маем уласны аўтамабіль. Адзін з так званых працадаўцаў нам патлумачыў сутнасць працы праз галасавыя паведамленні:
«Глядзіце які прынцып. Вы выязджаеце, дапусцім з Варшавы. Мне скідаеце геапазіцыю, каб я мог адсочваць, дзе вы едзеце. І за гэты час, пакуль вы едзеце, я бранірую людзей. Усё, бронь людзей як бы мінула. Вы падʼязджаеце, забіраеце людзей, ды і ўсё».
Забіраць нелегалаў трэба ў прымежных з Беларуссю гарадах: Беластоку ці Бялай-Падлясцы. Адтуль іх трэба даставіць да мяжы з Нямеччынай у горад Слубіцэ. Грошы за перавоз плацяць за два этапы:
«Я магу вам альбо на карту кінуць, альбо на крыпту. Мне не прынцыпова. Па аплаце. Вы, атрымліваецца, прыязджаеце, загружаецеся людзьмі. Яны мне адпісваюцца, што ўсё, яны ўжо ў машыне. Вы адʼязджаеце на 20-30 кіламетраў, каб вы іх не скінулі, груба кажучы, пасля авансу. Гэта значыць, на трасу выехалі ўжо. Я вам скідаю аванс 200 баксаў. Вось. Ну і поўная аплата ўжо па прыездзе».
Замоўцы абяцаюць, што ў дарозе праблемаў не будзе. Сцвярджаюць, што ў іх ёсць людзі, якія манітораць трасы і пракладаюць маршруты ў абʼезд патрулёў паліцыі. Самі нелегалы, маўляў, таксама не даставяць ніякіх клопатаў:
«Гэта значыць, яны нічога не вязуць. Можаце нават праверыць іх. Ні наркотыкі, ні колюча-рэжучыя прадметы. Ні тамака пярцовы балончык… Гэта значыць, зможаце іх, калі што, і праверыць! Вось. У нас як бы чыстыя».
Большасць так званых працадаўцаў – не на тэрыторыі Еўразвязу. Гэта пацвярджае журналістка-расследавальніца Ксенія Вязнікоўцава, якая летась разам са сваімі калегамі праводзіла расследаванне ў дачыненні такіх вось заказчыкаў:
«Мы заўважылі, што арганізатар вось гэтай кантрабанды абсалютна не адчувае магчымасці пакарання. Як быццам ён знаходзіцца ў бяспецы. І разумее, што яму нічога не пагражае».
Паводле арганізацыі былых беларускіх сілавікоў «BELPOL», галоўны кіраўнік злачыннай групоўкі найхутчэй сядзіць у Менску.
«Усе нелегальныя мігранты, якія ў свой час спрабавалі перасекчы беларуска-польскую мяжу, напрыклад. Усе мігранты, якія ў прынцыпе прыязджалі ў Рэспубліку Беларусь, якіх прывозілі, – гэта ўсё было пад кантролем непасрэдна спецслужбаў Лукашэнкі», – кажа прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.
Курʼераў, якія згаджаюцца перавезці мігрантаў, ловяць. За перавоз нелегалаў у Польшчы пагражае да васьмі гадоў турмы альбо дэпартацыя з краіны. І ў дадзеным выпадку не ўратуе нават статус уцекача і міжнародная абарона.
Руслан Ігнатовіч, «Белсат»