Гендырэктар «Белшыны» сапраўды ўзяў хабар?


Канкрэтнае абвінавачанне супраць генеральнага дырэктара «Белшыны» Андрэя Бунакова невядомае. Але, паводле Лукашэнкі, чыноўнік дамовіўся з расейскаю кампаніяй прадаваць апоны ніжэй за сабекошт на 16–20%.

«А расейскія кампаніі, гэтыя жулікі, якія ў яго купілі ніжэй за сабекошт, вышэй за сабекошт амаль на 60% перапрадаюць тавар, то бок пасярэднікі», – заявіў Лукашэнка.

Бізнесовец Аляксандр Кныровіч гэткім абвінавачанням не давярае. Дапускае, што Андрэй Бунакоў насамрэч хабару ўвогуле не браў:

«Тое, што кажа сам кіраўнік заводу «Белшына», што ён ніколі не разлічваў сам гэтага кантракту, можа аказацца праўдай, і, можа, ён цяпер за кратамі без ніякіх падставаў. Больш за тое, можа аказацца, што і кантракт добры, што ён на карысць прадпрыемству».

Рэальнаю прычынаю маглі быць вялікія страты «Белшыны». Раней Аляксандр Кныровіч падлічыў, што завод страціў прынамсі мільярд рублёў. Бізнесовец мяркуе, што ўлады папросту хацелі знайсці вінаватага і надумалі дастаць з шуфляды тэчку на генеральнага дырэктара:

«Калі гэта быў хабар, то, ведаеце, гадамі дазвалялі гэта рабіць, а цяпер раптам вырашылі яго закрыць. Я не веру, што ёсць нейкая канкрэтная прычына, каб гэта цяпер адбывалася. Таму, можа, ён не падзяліўся, можа, вырашыў не падзяліцца. Гэта неістотна. Прыйшоў ягоны час».

Сапраўды карупцыя гадамі дазвалялася пад прыкрыццём уладаў. І магчымы хабар генеральнага дырэктара «Белшыны» быў бы не адзіным. У гэтым дапамагаюць непразрыстая справаздачнасць, недэмакратычнасць і адсутнасць свабодных СМІ, кажа эканаміст Алесь Чайчыц:

«Гэта ўмовы, каб такія схемы мелі вельмі шырокую распаўсюджанасць. Праблема ў гэтым выпадку магчымая толькі ў тым, што той гендырэктар «Белшыны» не падзяліўся, з кім трэба было».

Беларускі расследавальніцкі цэнтр ужо раскрываў, як на рээкспарце кветак зарабляе атачэнне Лукашэнкі. Фірмы з прывілеямі ад уладаў маглі не плаціць падаткаў пры рээкспарце кветак з Захаду ў Расею. На гэтым дзяржаўны бюджэт страціў сотні мільёнаў долараў.

Напрыклад, схему праварочваў суўладальнік «Амкадору» Аляксандр Шакуцін праз сваю фірму «Логэкс». Бізнесовец ездзіў да цешчы Лукашэнкі, збіраў з ім бульбу.

«Гэта карупцыйныя схемы, пры якіх частку прыбытку, частку грошай, якія мусіла б атрымаць прадпрыемства, атрымліваюць тыя, хто не мусіў іх атрымаць», – тлумачыць Алесь Чайчыц.

Пакуль жа Андрэй Бунакоў дасюль указаны як генеральны дырэктар прадпрыемства на сайце «Белшыны».

Яна Шэк, Белсат