«Я некалькі начэй, пакуль побач сапуць жонка, двое дзяцей і кот, быў змушаны слухаць вашую абсалютна нявартую лухту», – так лукашэнкаўскі прапагандыст Ігар Тур ацаніў навучальныя лекцыі ініцыятывы «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі». Паводле прапагандыста, ён мае 38 гігабайтаў запісаў курсу.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
«Памятайце, што мы значна хітрэйшыя за беглых, бо другі сезон я глядзеў у кампаніі надзейных сяброў са Следчага камітэту Беларусі, якія тэмай вельмі зацікавіліся», – падкрэслівае Ігар Тур.
Следчы камітэт абвясціў, што заводзіць крымінальную справу супраць арганізатараў і ўдзельнікаў ініцыятывы.
«Паводле часткі 3 артыкулу 361.1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, гэта ўваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання з мэтай здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці», – абвесціў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь Сяргей Кабаковіч.
Паводле Ігара Тура, некаторых навучэнцаў затрымалі нібыта пасля ўзлому спісу ўдзельнікаў кампаніі, пятнаццаць затрыманых ён паказаў у сваёй праграме на ОНТ. Але тэхнічна выявіць людзей такім чынам немагчыма, сцвярджае каардынатар ініцыятывы «Кадравы рэзерв» Юрый Губарэвіч:
«Кожны з удзельнікаў уваходзіць пад уліковым нумарам, анкеты і пералік гэтых анкетаў можа бачыць толькі мадэратар ці тэхнічны аператар сесіі. Адпаведна, Тур не меў ніякай магчымасці азнаёміцца ні з якімі спісамі».
Не было і несанкцыянаваных доступаў да інфармацыі падчас ДОС-атак, сцвярджае каардынатар. Але некалькі тыдняў таму ў Беларусі раптоўна пачаў адкрывацца сайт «Кадравага рэзерву», які раней быў заблакаваны. Ускосныя доказы ўдзелу асобы ў праграме сілавікі могуць атрымаць, прагледзеўшы ягоны тэлефон ці камп’ютар.
«Ёсць элементарныя паводзіны, як выкарыстанне VPN для сувязі з “Кадравым рэзервам”, для наведвання сайту “Кадравага рэзерву”, выкарыстанне бяспечнай пошты, якая не мае спасылак на імёны або асабістыя дадзеныя карыстальніка, а таксама падчыстка ўсяго ліставання, калі такое адбывалася, з “Кадравым рэзервам”», – кажа Юрый Губарэвіч.
Кампанію «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі» Аб’яднаны пераходны кабінет распачаў у канцы 2022 года. У яе межах ладзяцца адукацыйныя онлайн-заняткі, каб рыхтаваць кадры для будучай сістэмы дзяржаўнага кіравання ў незалежнай Беларусі. Паводле Юрыя Губарэвіча, у праграме ўзялі ўдзел каля сямісот асобаў, траціна з іх застаецца ў Беларусі.
«Для ўлады небяспечна іншадумства ў любых яго праявах, як у “Кадравым рэзерве” стратэгічныя пытанні таго, што рабіць у новай Беларусі, як будзе выглядаць улада. Гэта тыповае жаданне аўтарытарнага рэжыму ўсё знішчыць», – кажа праваабаронца ініцыятывы «Dissidentby» Марына Касінерава.
Затрыманыя нібыта ўдзельнікі «Кадравага рэзерву» – далёка не адзіны выпадак пасля 2020 года, калі паводле палітычных артыкулаў справу распачынаюць не супраць асобных затрыманых, а супраць шэрагу асобаў, што належаць да адной ініцыятывы ці проста жывуць у адной мясцовасці. Прыкладаў дзясяткі: ад рэзананснага берасцейскага карагоду, дзе пакаралі больш за сотню асобаў у межах адной справы, да дваццаці так званых аналітыкаў Ціханоўскай.
«Калі да аднаго прыйшлі – гэта нават у крымінальным кодэксе адна справа а калі “групай асобаў” то стаўкі вышэй становяцца. Таму яны спрабуюць рабіць групы, каб справа была гучней, тэрмін больш, паказанняў больш, матэрыялаў, каб здымаць прапагандысцкія відэа таксама больш».
Сёння ж лукашэнкаўскія суддзі абвясцілі выракі ў яшчэ адной групавой справе – супраць «BYPOL». Дзіна Кучук у Менскім гарадскім судзе завочна прызначыла Андрэю Астаповічу – 11 гадоў зняволення, Мацвею Купрэйчыку, Уладзіміру Жыгару, Ігару Лобану ды Алегу Талерчыку – 12 гадоў. Аляксандру Азараву – 25 гадоў. Усе фігуранты справы цяпер за мяжою.
Ірына Дарафейчук, «Белсат»