85 гадоў мінула ад нараджэння Чэслава Немэна


Чэслаў Немэн. Адзін з самых яскравых прадстаўнікоў еўрапейскага прагрэсіўнага року і польскай папулярнай музыкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ён для 60-х гадоў – гэта сусветнае дасягненне. Бо тады вельмі шмат было розных выканаўцаў. І Чэслаў Немэн, безумоўна, сярод першых», – лічыць музыка Лявон Вольскі.

Хіба няма вядомейшай музычнай візітоўкі польскае сталіцы, чым легендарны хіт «Сон пра Варшаву», што зрабіўся гімнам футбольнага клубу «Легія». На стадыёне перад кожным матчам песню Чэслава Немэна спяваюць дзясяткі тысяч заўзятараў. Нават сусветна вядомыя «Metallica» і «Coldplay» падчас гастроляў у Варшаве перапявалі славуты хіт нарадзінца Гарадзеншчыны.

Чэслаў Немэн. Сапраўднае імя – Чэслаў Выдрыцкі. Нарадзіўся ў вёсцы Старыя Васілішкі, цяперашні Шчучынскі раён. Навучаўся ў музычнай вучэльні ў Горадні. У 1958 годзе пераехаў у Гданьск, дзе паступіў у вышэйшую музычную школу. У 60-х пачаў выступаць на польскай эстрадзе. Меў шматгранны талент: маляваў, пісаў музыку для фільмаў, цікавіўся камп’ютарнай графікай.

«Ён гастраляваў па ўсёй Еўропе, запісваўся ў самых розных студыях, выпускаў англамоўныя альбомы, працаваў у Італіі, зарабіў сабе гучнае імя. Марлен Дытрых спявала ягоныя песні, “Песняры” спявалі», – распавёў музычны даследнік Віктар Сямашка.

Чэслаў Немэн.
Фота: Archiwum Grażyny Rutowskiej, Narodowe Archiwum Cyfrowe

Родныя мясціны шмат значылі для Немэна. Праз дзесяцігоддзі ён наведаў родную вёску.

«Для яго гэта была балючая гісторыя. Калі ён вярнуўся ў Васілішкі – гэта быў, бадай, 1979 год – і хацеў пабачыць край свайго маленства і юнацтва, то быў вельмі засмучаны. Бо ад ранейшага хараства нічога не засталося. Рэчку асушылі, краявід быў зменены рукамі чалавека», – распавяла спявачка, дачка Чэслава Немэна Наталля.

Суседзі ўзгадвалі: Немэн зняў на камеру родны дом і запушчаны стаў, у якім купаўся яшчэ дзіцём, але праз некалькі хвілінаў знішчыў запісы.

«Бацька прысеў на камень, які застаўся з ягонага дзяцінства. Не была там пры гэтым, але думаю, што ён заплакаў», – дадала Наталля Немэн.

У роднай вёсцы ёсць дом-музей Чэслава Немэна, дзе ўзноўленая абстаноўка, у якой тут жыў будучы музыка. А на будынку Гуманітарнага каледжу ў Горадні вісіць памятная табліца.

«Ён звязваў беларускасць з адчуваннем прыроды, з адчуваннем аўтэнтыкі. Ён з маленства палюбіў народную музыку, спевы. У ягоным рэпертуары першым былі беларускія, украінскія, расейскія песні», – распавёў Віктар Сямашка.

«Калі мы рабілі першыя крокі як музыкі, для нас гэта была адна з падмуркавых цаглінак. Як “The Beatles” ці “Led Zeppelin”, так і Чэслаў Немэн таксама», – кажа Лявон Вольскі.

У 2004 годзе Чэслава Немэна не стала. Яго пахавалі на Павонзкаўскіх могілках у Варшаве.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»