Анджэю Пачобуту споўніўся 51 год


51 год споўніўся Анджэю Пачобуту – журналісту, гісторыку-даследніку, адному з лідараў польскай меншасці ў Беларусі. Гэты дзень нараджэння ён ізноў сустракае за кратамі. У 2021 годзе яго затрымалі, а летась прысудзілі 8 гадоў зняволення нібыта за шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі і распальванне варожасці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Звестак пра Анджэя Пачобута няма з 26 лютага. Вядома толькі, што 28 лютага палітычны вязень меўся выйсці з гэтак званага памяшкання крытага тыпу – практычна ўнутранай турмы ў калоніі.

«Асноўным абвінавачаннем было тое, што святкаванне Саюзу палякаў і ўшанаванне памяці жаўнераў Арміі Краёвай ёсць, паводле сённяшніх беларускіх уладаў, апраўданнем нацызму, – распавёў сябар Анджэя Ігар Банцар. – Менавіта за гэта ён атрымаў такі прысуд. Гэта абсалютна бязглуздна, гэта бессэнсоўна!»

Анджэй Пачобут у медыях назваў «агрэсіяй» савецкі напад на Польшчу ў 1939-ым. Гэта пазней сталася адным з пунктаў абвінавачання. Неўзабаве пасля суда палітвязня кінулі ў штрафны ізалятар, за 8 месяцаў не дазволілі ніводнай пасылкі і ніводнага спаткання. Звычайная справа для асуджаных паводле палітычных артыкулаў – адзначыў праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка.

«Іх усіх адзначаюць біркай жоўтага колеру, і гэтым усё сказана. Да таго ж, чым больш вядомы “палітычны”, чым больш пра яго кажуць на волі, тым больш складана яму сядзець за кратамі, тым горшыя яму ствараюць умовы».

Анджэй Пачобут на судзе ў Горадні, Беларусь. 16 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

Паводле праваабаронцаў «Вясны», яшчэ ў 2021 годзе Пачобуту прапанавалі напісаць прашэнне аб памілаванні. Але ён адмовіўся.

Ігар Банцар зусім не здзіўлены.

«Гэта ягоная ідэалагічная пазіцыя і, ведаеце, як вядомы фільм Анджэя Вайды “Чалавек з мармуру”, “Чалавек з жалеза” – гэта вось пра Анджэя Пачобута. Пра чалавека, у якога ёсць вельмі моцны ідэалагічны стрыжань. І такіх людзей у беларускай палітыцы бракуе».

У Наваполацкую калонію да Анджэя Пачобута дапусцілі старшыню зліквідаванага Саюзу палякаў Беларусі Анджэліку Борыс. Лукашэнка асабіста даў згоду на тое спатканне. Пра гэта Анджэліка апавяла прэзідэнту Польшчы Анджэю Дуду падчас учорашняй аўдыенцыі ў Варшаве. Даты сустрэчы і пра што размаўлялі Пачобут і Борыс, яна не ўдакладніла.

Цяперашні стан палітзняволенага пракаментаваў дэпутат Еўрапарламенту Анджэй Халіцкі.

«Анджэй Пачобут вельмі знясілены. Яго трымаюць у надзвычай цяжкіх умовах. Анджэя Пачобута, як і іншых, трэба неадкладна вызваліць. Падкрэслю, што яго кінулі за краты менавіта і толькі праз тое, што ён ёсць прадстаўніком польскай меншасці ў Беларусі».

Пра беларускіх палітычных вязняў ішлося сёння ў Бруселі. Рэдактарка ​​сайту «charter97.org» Наталля Радзіна, праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка, а таксама актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда ўзялі ўдзел у афіцыйнай сустрэчы дэлегацыі Еўрапарламенту ў справах сувязі з палітычнымі зняволенымі.

Еўрапейскі парламент патрабуе вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, турбуецца за іхнае жыццё і здароўе. І мае намер надалей нагадваць пра іх штодня ўсімі магчымымі спосабамі.

У Гданьску абновяць мурал, прысвечаны Алесю Бяляцкаму. На ім з’явяцца таксама Анджэй Пачобут і Марфа Рабкова. Пра гэта паведамілі ў Абʼяднаным пераходным кабінеце.

Марына Яновіч, «Белсат»