Боль у вачах эканомікі: Пастанова № 713 трымае яе за «адно месца»


Рост коштаў на тавары і паслугі ў Беларусі можа паскорыцца ў сярэднетэрміновай перспектыве – прагназуе Еўразійскі банк развіцця. Эксперты лічаць, што інфляцыйны ціск назапасіўся праз штучнае стрыманне дзяржаваю коштаў. Іншымі словамі – гэтай, як кажа Лукашэнка, аперацыі, можа прыйсці канец. Пытанне: здарыцца гэта яшчэ да лукашэнкаўскіх выбараў-2025, ці пасля.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Растуць кошты на камплектныя дэталі і іх дастаўку, выдаткі на зборку аўтамабіля, заробкі персаналу, страхаванне і арэнду салонаў. Але прадаць новенькі «Джылі» даражэй – з улікам росту сабекошту – забараняе лукашэнкаўская Пастанова № 713 аб рэгуляванні коштаў.

«Гэтая пастанова сталася такім інструментам трымання эканомікі за “адно месца”. Каб заўважыць наступствы такой палітыкі, варта глядзець не на гэтае месца, а трошкі вышэй – на вочы», – кажа фінансіст і эканаміст Віталь Алейнік.

Завод «Белджы» напярэдадні паказаў свой боль у лічбах: летась інфляцыя вырасла больш (5,8 %), чым кошты на іх новыя аўтамабілі (5,5 %). Хоць павінна быць наадварот. Падобны перакос – пры рэалізацыі харчоў і спажывецкіх тавараў у раздробным і аптовым гандлі. Інфляцыя назапашваецца ўнутры эканомікі, што б’е па вытворцах, а ў выніку ўдарыць і па спажыўцах, якім гэтае стрымліванне коштаў мела дапамагчы.

«Эканамісты і фінансісты краіны казалі, што рост коштаў выдаткаў непазбежна прывядзе да таго, што папросту трэба будзе павышаць гэтыя цэны», – узгадвае Віталь Алейнік.

Міністр эканомікі заклікаў насельніцтва не слухаць гэтых прагнозаў. Белстат у студзеньскай статыстыцы канстатаваў: колькасць стратных прадпрыемстваў вырасла на 8 %. Нарэшце рызыкоўнасць адміністратыўнага кіравання коштамі прызнаў і сам дыктатар:

«Мы не ведаем яшчэ, чым скончыцца гэтая эпапея з рэгуляваннем коштаў».

Еўразійскі банк развіцця адрэагаваў высноваю:

«Ва ўмовах дзейнага адміністрацыйнага рэгулявання цэны вельмі абмежавана могуць рэагаваць на рост унутранага попыту, што фармуе інфляцыйны ціск на сярэднетэрміновым гарызонце».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія капейкі.
Фота: Белсат

88 % апытаных чытачоў нашага Тэлеграм-каналу рыхтуюцца да дэвальвацыі. Вераць ацэнкам незалежных экспертаў пра скачок інфляцыі. Урад Беларусі абяцае, што рост цэнаў сёлета застанецца ў межах 6 %. Эканаміст Яраслаў Раманчук кажа, што чакаем 20 %:

«У Беларусі ўжо даўно няма абʼектыўнага паказніка інфляцыі. Тое, што мы маем, – гэта як палітычныя бюлетэні: “а колькі трэба?” Для таго, каб інфляцыя была абʼектыўным паказнікам, трэба, каб цэны былі свабодныя, каб не было ціску на кошты, прымушэння вытворцаў ды імпарцёраў да нейкай цэнавай дысцыпліны».

Няма абʼектыўнага паказніку інфляцыі, праўдзівага курсу беларускага рубля. Цалкам схавалі ад грамадзянаў звесткі аб прыбытках у экспарце-імпарце тавараў. Таму і прагнозаў абʼектыўных быць не можа – кажа Яраслаў Раманчук у кантэксце яшчэ адной ацэнкі Еўразійскага банку развіцця. Налета эканоміка Беларусі вырасце на 2 %.

«Паколькі ў наступным годзе будзе электаральная кампанія (ніякія не выбары), я думаю, што будзе больш нават за 2 %. Яны зробяць 3,5 % для таго, каб свайго “пахана” прадаваць і сказаць: “вось ведаеце, пад вашым мудрым кіраўніцтвам нашая эканоміка ўзрастае не гледзячы ні на войны, ні на санкцыі, ні на што», – іранізуе Раманчук.

Калі з рэгуляваннем цэнаў давядзецца скончыць яшчэ сёлета, вінаватых доўга шукаць не трэба: калі ўрад не праваліць, то гэта будзе ўнікальная аперацыя ў, так бы мовіць, рынкавай эканоміцы, казаў Лукашэнка.

Згодна з чацвёртай версіяй Пастановы № 713, вытворцам дазволілі падымаць цэны максімум на 0,3 % на месяц. То бок на 3,6 % на год.

Юлія Цяльпук, «Белсат»