Грошы на дроны для палка Каліноўскага сабралі за содні


Планавалі сабраць за тыдзень, а сабралі за дзень. Беларусы чарговы раз прадэманстравалі еднасць: менш як 24 гадзіны спатрэбілася, каб сабраць 47 тысяч долараў на закуп ста дронаў для ваяроў палка Каліноўскага.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Учора быў надзвычайны дзень! Я проста захоплены беларусамі! Тое, што вы зрабілі, – у мяне проста няма слоў. Слава Украіне! Жыве Беларусь! Добрых людзей больш», – казаў у сваіх сацсетках ініцыятар збору Аляксандр Рыкаў, блогер BalaganOFF.

Ініцыятыву ўкраінца падтрымалі незалежныя беларускія медыі. Некаторыя знакамітыя беларусы запісвалі звароты, заклікаючы ўзяць удзел у акцыі.

За сабраныя грошы набудуць дроны-камікадзэ. Звычайна ў якасці такіх выкарыстоўваюцца цывільныя лятучыя беспілотныя апараты мадэлі FPV, якія мадэрнізуюцца пад выкананне баявых заданняў. Такая баявая адзінка можа ўзлятаць на вышыню 6 кіламетраў, рабіць фота ў высокай якасці і трымацца ў паветры каля 30-ці хвілінаў. Акрамя гэтага, на яе можна ўсталяваць выбуховы ладунак.

«Гэта манеўраная захада, каб знішчаць варожую тэхніку: пачынаючы ад танкаў, заканчваючы банальна аўтамабільным транспартам, а таксама і жывой сілай. Таму менавіта дрон і мае такую назву – камікадзэ. Ён выкарыстоўваецца адзін раз і, галоўнае, каб тое было вынікова», – адзначае вайскова-палітычны аглядальнік, журналіст Аляксандр Каваленка.

Кошт FPV-дрона складае каля 500 долараў. Кожны дзень на баявых задачах ваяры палка Каліноўскага губляюць 10-12 такіх дронаў. На вялікіх аперацыях іх расход павялічваецца – да 30-ці штук за дзень. У сярэднім з 5-ці дронаў, што запускаюць добраахвотнікі, цэлі дасягаюць толькі 3.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцяг палка Кастуся Каліноўскага на сцэне канферэнцыі «Шлях да волі». Кіеў, Украіна. 29 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

«Па ўсёй ліні фронту сто дронаў – гэта нават не тая колькасць, якую мы выкарыстоўваем за содні. Мы выкарыстоўваем за содні нашмат больш. Але нават гэтыя сто дронаў – яны вельмі карысныя, бо змогуць фактычна падтрымліваць содні тыя ці іншыя пазіцыі, тыя ці іншыя падраздзялення для адбівання расейскіх атак на пазіцыях», – дадае Аляксандр Каваленка.

Адначасова са зборам па сацыяльных сетках пракацілася хваля занепакоенасці: людзей хвалюе, што сабраныя грошы не трапяць у полк і ў выніку асядуць у чужых руках. Таму закуп абяцаюць зрабіць празрыстым.

«Мы ўжо звязаліся з вытворцамі: у нас будзе трохбаковая дамова. Грошы будуць пераведзены афіцыйна на рахунак заводу. Гэта будзе дамова паміж мной, заводам і вайсковай часткай, за якой замацаваны Полк Каліноўскага», – адзначае Аляксандр Рыкаў.

Каліноўцы чакаюць дроны на пазіцыях. Ад імя ваяроў камандзір палка Дзяніс «Кіт» звярнуўся са словамі ўдзячнасці да тых, хто ўзяў удзел у акцыі:

«Мы ўдзячныя кожнаму і кожнай, хто далучыўся да збору на 100 дронаў Палку Каліноўскага. Дзякуй за ваша адзінства. Разам з вашай падтрымкай наш баявы дух узмацняецца. Слава Украіне! Жыве Беларусь!».

Збор на дроны паспяхова закрыты, але каліноўцам па-ранейшаму патрэбная дапамога. Пра гэта ў эфіры Студыі «Белсат» апавёў намеснік камандзіра палка ў справе забеспячэння «Догас». Паводле яго, полк Каліноўскага мае патрэбу ў аднаўленні і рамонце аўтапарку, а таксама ў закупе амуніцыі. Інфармацыю, як падтрымаць добраахвотнікаў, можна знайсці на іхным сайце.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»