Даследаванне «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2023 годзе»


«Савецкія» супраць «свядомых» – сутыкненне двух нацыянальных праектаў у Беларусі набывае крытычныя формы. Так мяркуюць аўтары даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2023 годзе». Гэты раскол адбыўся не толькі на сацыяльна-палітычным узроўні, а ўжо і на псіхалагічным.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Асабліва стаўленне з боку прыхільнікаў улады да непрыяцеляў улады яно суперкепскае. Гэта ідзе ў разрэз з ідэяй, што беларусы ў пэўнай ступені талерантныя, гатовыя адно з адным размаўляць. Існуе даволі сур’ёзны разлад у краіне», – кажа сацыёлаг Філіп Біканаў, суаўтар даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2023 годзе».

Даследнікі апыталі тысячу дзвесце пяць рэспандэнтаў у пачатку лістапада. Удзел у онлайн-апытанні ўзялі дарослыя жыхары гарадоў з насельніцтвам, большым за дваццаць тысячаў. Насельніцтва краіны паводле вынікаў даследавання падзялілі на пяць сегментаў у залежнасці ад таго, як людзі ўяўляюць, што азначае быць беларусам, ад іхнага стаўлення да сімвалаў, рытуалаў, гісторыі.

Паводле даследавання, «свядомыя», якіх трынаццаць адсоткаў, і «савецкія», якіх трыццаць сем адсоткаў, і ёсць найбольш непрымірымымі групамі.

А дзяржаўная прапаганда гэтую непрымірымасць падагравае, не даючы бакам шанцаў на дыялог унутры краіны. Аднак раскол ідзе павальней, чым хацелася б уладам, мяркуе экспертка ў сферы медыякамунікацыяў Ірына Сідорская:

«Маштаб гэтага расколу і хуткасць расколу маглі б быць нашмат большымі, калі б беларусы не супрацьстаялі гэтаму расколу. І перш за ўсё я маю на ўвазе незалежных журналістаў, структуры грамадзянскай супольнасці, недзяржаўныя арганізацыі, актывістаў».

Прапаганда ж уплывае і на тое, што, паводле даследавання, колькасць прыхільнікаў саюзу з Еўразвязам за год зменшылася на пяць адсоткаў. Доля ж тых, хто выступае за саюз з Расеяй, вырасла на шэсць адсоткаў.

Павялічылася і колькасць заўзятых прыхільнікаў уладаў у параўнанні з мінулым годам – з дзевяці да дваццаці трох адсоткаў.

Расце сярод беларусаў таксама давер да арміі, ураду, камітэту дзяржаўнай бяспекі, пракуратуры. І падае давер да недзяржаўных інстытуцыяў.

«Органам улады давярае менш за палову рэспандэнтаў. Скажам, КДБ давяраюць па іхных сцверджаннях толькі 47 адсоткаў апытаных. Мне не здаецца што гэта добры паказнік для дзяржаўнага органу, які мае быць апірышчам парадку і канстытуцыйнасці», – лічыць публіцыст, сябра прэзідыуму Рады БНР Алесь Чайчыц.

Аўтары даследавання тлумачаць вынікі не толькі страхам апытаных шчыра адказваць на палітычныя пытанні ці масавым выездам з краіны апазіцыйна настроеных. Армія Лукашэнкі не ўдзельнічае ў вайне, і беларусаў гэта задавальняе. Апроч таго, абвалу эканомікі не адбылося.

«Сам факт таго, што нічога не абрушылася, нават гэта ўплывае. Зачыстка інфармацыйнага поля ўплывае на абодва фактары. Таму рост даверу патлумачыць даволі проста. Плюс адаптуюцца людзі да рэальнасці», – пералічвае Філіп Біканаў.

Прапаганда эфектыўная тады, калі яна манапалізуе інфармацыю, кажуць адмыслоўцы. Таму ў сённяшняй сітуацыі неабходна даць беларусам унутры краіны як мага больш магчымасцяў атрымліваць інфармацыю з розных крыніцаў.

«Людзей трэба вучыць інфармацыйнай бяспецы, трэба вучыць, як бяспечна чытаць навіны, я думаю, што тыя, каму гэта цікава, ужо гэта ведаюць і робяць, і трэба гэтыя веды пашыраць сярод беларусаў», – перакананы Алесь Чайчыц.

Ёсць у даследаванні і пазітыўныя вынікі. Галоўны з іх – беларусы сфармаваліся як нацыя, большасць цікавіцца нацыянальнай тэматыкай. У пяцёрцы сімвалаў, што аб’ядноўваюць усіх беларусаў – зубр, дранікі, Белавежская пушча, бусел і бульба.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»