Вынесены вырак у справе «Рабочага руху»


У Гомлі абвясцілі прысуд актывістам ініцыятывы «Рабочы рух». Яны, паводле версіі абвінавачвання, нібыта паведамлялі за мяжу звесткі пра захады ў абыходзе санкцыяў прадпрыемствамі Беларусі. Вінавацілі іх таксама ў экстрэмізме, паклёпе, захоўванні боепрыпасаў і нават у здрадзе дзяржаве.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Так званы суддзя Аляксандр Піскуноў прызначыў сто трыццаць адзін год зняволення на ўсіх.

«Перакручанае правасуддзе і максімальнае запалохванне,» – пракаментаваў гэты прысуд праваабаронца «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

Ён падкрэсліў: дзейнасць «Рабочага руху» не мае ніякага дачынення да здрады дзяржаве. Яна можа зашкодзіць хіба толькі інтарэсам рэжыму.

«Гэта не толькі помста, – падкрэсліў юрыст Кісляк. Дзейнасць так званых праваахоўных органаў і судовай сістэмы – складана назваць гэта правасуддзем – накіравана на тое, каб вычысціць ідэалагічна частку грамадства. Хто не згодны – на эміграцыю або ў турму!»

Судовая справа «Рабочага руху» склала трыццаць восем тамоў, адзін з якіх – сакрэтны. Суд доўжыўся тры месяцы, большая частка працэсу праходзіла ў закрытым рэжыме. Абвінавачваныя адмовіліся даваць паказанні. Віну ў здрадзе дзяржаве яны не прызналі.

Фігурантамі справы сталі дзесяць актывістаў.

  • Ганне Аблаб прысудзілі адзінаццаць гадоў калоніі.
  • Сяргею Дзюбу, Ігару Мінцу, Валянціну Цераневічу, Сяргею Шамецьку – па дванаццаць гадоў.
  • Сяргею Шэлесту, Андрэю Пагерылу, Аляксандру Гашнікаву – па чатырнаццаць гадоў.
  • Уладзіміру Жураўку і Аляксандру Капшулю – па пятнаццаць гадоў за кратамі.

«Рабочы рух» быў створаны прадстаўнікамі розных прадпрыемстваў для аб’яднання працоўных у справе абароны іхных правоў, а таксама каб дабівацца законнасці і справядлівасці ў Беларусі. Пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў мясцовыя ўлады ездзілі па перыферыйных прадпрыемствах і арганізацыях, а Лукашэнка спрабаваў заручыцца падтрыманнем рабочых сталічнага заводу колавых цягачоў.

У выніку ўсё ж сітуацыя выправілася на карысць рэжыму. Але засталася ягоная чорная крыўда, прага помсты і моцны страх паўтарэння той гарачай восені. Відаць, менавіта гэта выклікала ўзмацненне рэпрэсіяў і, у прыватнасці, сённяшні прысуд.

Справа «Рабочага руху» была заведзеная пасля таго, як у арганізацыю пракраўся так званы крот, ён выдаў самых актыўных. Сярод апошніх – былы юрыст «Нафтану» Аляксандр Капшуль. Яго затрымалі ў канцы верасня 2021 года ў Расеі і выдалі КДБ Беларусі. Сёння ўжо сорак дзявяты дзень, як Аляксандр трымае галадаванне на знак пратэсту супраць парушэння заканадаўства падчас утрымання ў гомельскім СІЗА. Яго кінулі ў карцар.

Галадаванне за кратамі мае эфект, калі галадуе публічная фігура, калі грамадскасць звяртае на гэтую захаду ўвагу. Аляксандр Капшуль ёсць менавіта такім выпадкам, мяркуе былы турэмны доктар Васіль Завадскі. Ён папярэдзіў: справа вельмі небяспечная.

«Гэта, канешне, пагражае сур’ёзнай паталогіяй, важкімі праблемамі для здароўя, – патлумачыў доктар Завадскі – Звычайна ў такія тэрміны галадавання ўжо ёсць праблемы з ныркамі, з іншымі ўнутранымі органамі. І ёсць небяспека нават смяротнага сыходу».

Рэгламент дзеяў медычнага персаналу ў пенітэнцыярных установах распрацаваны. На добры лад, асоба ў стане доўгага галадавання мусіць заставацца ў медычнай частцы пад наглядам дактароў. Але ці выпадае чакаць такога ў Беларусі? Надзеі на гэта мала, – мяркуе адзін з сябраў «Рабочага руху» і Свабоднага прафсаюзу Беларусі Дзяніс Садоўскі:

«У беларускіх турмах, на жаль, няма іншых варыянтаў супрацьстаяць сістэме, таму што там няма ўвогуле закону, няма ніякай магчымасці нават змагацца за свае правы. Таму толькі сваім здароўем чалавек можа выказаць нейкі пратэст».

Што ж да сённяшняга прысуду ў справе «Рабочага руху», то праваабаронца Рамак Кісляк лічыць малаімавернай карысць ад апеляцыйных скаргаў. Але, тым не менш, скардзіцца трэба. Толькі за межамі юрыдычнай сістэмы цяперашняй Беларусі.

«Нягледзячы на ​​тое, што працэдура звароту ў Камітэт па правах чалавека з 7 лютага закрытая для нас, для беларусаў, але ўсё ж ёсць іншыя працэдуры, якімі можна скарыстацца. Ёсць спецдакладчыкі, ёсць працоўныя групы па адвольных затрыманнях».

Менавіта «Рабочы рух» у кастрычніку 2021 года быў прызнаны першым у Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем». Цяпер такіх фармаванняў у краіне – больш чым 100.

Марына Яновіч, «Белсат»