Лукашэнка даслаў у Рыгу віншаванні з гадавінай незалежнасці


У Латвіі святочная атмасфера. Нашая паўночная суседка азначае сто чацвёртую гадавіну незалежнасці. Канцэрты, выставы і, традыцыйна, вайсковы парад. Сёлета сярод яго ўдзельнікаў і вайскоўцы з Украіны, якія гераічна бароняць сваю зямлю ад агрэсара-Пуціна і суагрэсара-Лукашэнкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Уласна Лукашэнка даслаў у Рыгу свае віншаванні, у звароце – нараканні на «замежных дарадцаў»:

«Распальваючы абстаноўку, яны сцягнулі ў Прыбалтыку сілы і ўзбраенне, пабудавалі сцены, падштурхнулі вашую краіну да эканамічнай катастрофы. […] Нас не раздзеляць ні штучная агароджа з калючым дротам, ні злачынная барацьба часовых латышскіх кіраўнікоў з дзяржаўнымі сімваламі, гісторыяй і помнікамі продкаў!»

«Прыбалтыка» – гэтак па-савецку ці па-крамлёўску Лукашэнка называе краіны Балтыі.

«Гэта звязана з тым, што яны не прызналі Лукашэнку ў якасці кіраўніка Беларусі, афіцыйна яго не прызналі прэзідэнтам, і ён ім такім чынам помсціць», – зазначае палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Самое ж віншаванне адрасаванае, таксама ўжо традыцыйна, не кіраўніцтву краіны, а народу. Маўляў, кіраўнікі – часовыя, улада змяняецца, а народ застаецца. А з народам у нас паразуменне і добрыя стасункі.

«У савецкія часы быў такі канцэпт, што народы заходніх краінаў прыгнятаюцца буржуазіяй, таму Савецкі Саюз падтрымлівае гэтыя народы і змагаецца супраць кіроўнай буржуазіі. Прыкладна такая ж канцэпцыя сёння існуе ў афіцыйнага Менску», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Гаворыцца ў пасланні пра сцены і агароджы з калючым дротам, пастаўленыя заходнімі суседзямі на мяжы з Беларуссю. Быццам бы сцяна паўстала без прычыны, і распачатага рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу не было і няма.

«Крызіс паўплываў на адносіны, ён прывёў да таго, што з’явілася гэтая жалезабетонная сцяна, я лічу, гэта кепскі досвед для краінаў, але гэта быў выклік, які Лукашэнка кінуў суседзям, яны мусілі адгарадзіцца», – кажа Дзмітрый Балкунец.

Раней віншаванні такога кшталту Лукашэнка дасылаў і ў Польшчу, і ва Украіну, і ў Літву, да суседскіх дзяржаваў, якія ён лічыць і называе «несяброўскімі». Гэта чатыры краіны з пяці, з якімі мяжуе Беларусь. Іх ён звычайна называе падпарадкаванымі заакіянскім гаспадарам. І толькі Расея атрымліваецца незалежнай. А што ж з самім рэжымам Лукашэнкі? Залежнасць Беларусі ад Расеі моцна ўзрасла за апошнія два гады, асабліва пасля пачатку вайны, канстатуе Валер Карбалевіч.

«І гэтая залежнасць узмацняецца, асабліва ў вайсковай сферы, у замежнапалітычнай сферы, інфармацыйнай сферы».

Нягледзячы ж на цынічную, а часам жорсткую рыторыку рэжыму на адрас Захаду, Лукашэнка спальваць масты ў гэтым кірунку не спяшаецца, кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў:

«Увесь час ёсць нейкія спробы актывізаваць гэты заходні кірунак, Макей прадпрымае, Лукашэнка нейкія намёкі кідае, але ўвесь час яны ўпіраюцца ў рэальнасць».

А рэальнасць жа, паводле Віталя Цыганкова, такая: Лукашэнка – дыктатар, нелегітымны кіраўнік, да таго ж у поўнай залежнасці ад Крамля. І справаў з ім у цывілізаваным свеце ніхто з палітыкаў мець не захоча.

Алесь Яшчанка, «Белсат»