«З’язджайце з Беларусі!» У Бабруйскім аўтапарку не стае працаўнікоў – людзям раяць... эміграваць у Польшчу


У рэгіёнах адмяняюць аўтобусныя рэйсы. Гэтым летам у Бабруйску перыядычна не працуе адразу некалькі гарадскіх маршрутаў. Прычына – востры недахоп кіроўцаў. Касуюць і прыгарадныя зносіны.

«У вёскі Бабруйскага раёну і раней было праблематычна дабрацца. Там 2-3 разы на тыдзень хадзілі аўтобусы. Трэба было выбіраць такі дзень, калі трэба было туды трапіць», – згадвае Марына Малчанава, журналістка, былая жыхарка Бабруйску.

Напрыклад, у вёску Палянкі з Бабруйску праз Панкратавічы можна дабрацца толькі раз на тыдзень – у сераду. Раней туды заязджалі тройчы – дадаткова ў выходныя дні.

«Нізкі пасажырапаток – 2 чалавекі, 0 чалавек. І там дрэнныя дарожныя ўмовы, і людзей там мала пражывае», – патлумачылі ў аддзеле перавозак Бабруйскага аўтапарку № 2.

А вось у Вілейцы прычыны адмены маршрутак на Маладэчна іншыя. Мясцовыя жыхары абураюцца:

«Падышоў аўтобус, забіты пасажырамі, выйшаў кіроўца і паведаміў навіну, што больш нікога браць не будзе, бо аўтобус ПЕРАГРУЖАНЫ! А што рабіць тым, каму таксама трэба ехаць у іншы горад для справаў, на працу, ды ці мала куды? Вынік: 15 чалавек засталіся на вуліцы!!! Гэта што такое? Усё для людзей, усё для народу??? Людзі, прашу, не маўчыце, скардзіцеся».

Дырэктар Менаблпасажыртрансу Аляксандр Кахно ў адказ на скаргу заявіў, што пасажырапаток вывучаюць, але прыватнікам не дазволяць выехаць на лінію. На думку былога мясцовага дэпутата – гэта свядомы палітычны курс, ініцыяваны ўзурпатарам.

«Пасля 2020 года ўвогуле ён засумняваўся ў лаяльнасці, напэўна, гэтую групу людзей ён хоча скараціць, каб было менш праблемаў для сябе асабіста, для сваёй улады. А калі гэта вертыкаль – адпаведна, яна дзейнічае з тымі імпульсамі, што ідуць зверху», – каментуе Зміцер Кухлей, былы дэпутат Мастоўскага райсавету, прадстаўнік ініцыятывы КОТэГС.

Разам з тым у дзяржаўных прадпрыемствах – кадравы голад. Мы патэлефанавалі пасля абвесткі ў Бабруйскі аўтапарк № 2, каб даведацца, ці можна ўладкавацца на працу кандуктарам – заробак ад сямісот рублёў. Нашая каляжанка назвалася настаўніцай, якую звольнілі за ўдзел у пратэстах.

«У нас пры прыёме на працу мы ліст пішам, калі вы ў базе, гэта будзе ўнесена, то вас не прапусцяць (…) Калі вы дапусцілі нейкую памылку ў той час, калі тут рабілася невядома што, вы мусіце раскаяцца!» – рэзка заявіла жанчына з аддзелу кадраў.

У выніку, нягледзячы на тое, што ў аўтапарку не стае працаўнікоў, размова закончылася завочнай высылкай у Польшчу:

– Чаму вы не з’язджаеце? Зʼязджайце!

– Я хачу жыць у Беларусі.

– Хочаце жыць у Беларусі? Тады трэба дзякаваць нашаму прэзідэнту, што мы жывём пад мірным небам, дзякуй яму, што захаваў нас.

– Ад чаго?

– А вы не разумееце, вы яшчэ далёка? І вы яшчэ выкладчык! Мне шкада вас!

На думку былога мясцовага дэпутата Змітра Кухлея, менавіта рэпрэсіі, звальненні і масавы вымушаны адʼезд працаўнікоў у замежжа і прыводзяць да дэфіцыту кадраў на дзяржаўных прадпрыемствах.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»