Зарабіла прадпрыемства – заробіць і кіраўнік. Пастанова, паводле якой заробкі дырэктараў прывяжуць да эканамічных паказнікаў даручаных ім структураў, з’явілася на Нацыянальным прававым партале.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Акрамя іншых, пастанова рэгулюе заробкі кіраўнікоў канцэрнаў «Белкаапсаюз», «Белнафтахім», «Беллёгпрам», «Белляспаперпрам», «Белдзяржхарчпрам», Рэспубліканскага цэнтру аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння насельніцтва, а таксама ўпаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў. У хуткім часе падобныя змены падрыхтуюць для кіраўнікоў сельгасарганізацыяў.
Чакалася, што прынятая пастанова будзе матываваць кіраўніцтва працаваць лепш і клапаціцца пра паказнікі канцэрнаў. А як насамрэч?
«Гэта палітычны папулізм, каб паказаць людзям – вось, глядзіце, Лукашэнка так зажаў у кулак усіх прадстаўнікоў прадпрыемстваў, што яны без таго, каб зрабіць прадпрыемства прыбытковым, не будуць прэміі атрымліваць. І гэта легальная магчымасць для кіраўнікоў прадпрыемстваў працягваць атрымліваць прэміі і кіраваць стратнымі прадпрыемствамі», – кажа праўнік НАУ Міхаіл Кірылюк.
Згодна з пастановаю, тарыфная стаўка першага разраду, ад якой ідзе разлік заробку дырэктараў ды іхных намеснікаў, цяпер мусіць супадаць з сярэднім паказнікам на прадпрыемстве. Але ў кантрольныя органы гэтую лічбу па-ранейшаму будзе падаваць сам кіраўнік.
«Гэты закон – тут ужо нават не скрываючы, – ён кажа: калі заробак малы, то кіраўнік прадпрыемства можа сам яго сабе павялічыць», – адзначае Дзяніс Садоўскі, спецыяліст у справе прафсаюзаў, сябра БХД.
Нават калі арганізацыя спрацавала ў чыстую страту, рашэнне аб вышыні тарыфнай стаўкі будзе адштурхоўвацца не ад агульнай сітуацыі на прадпрыемстве, а ад прасцейшага паказніку – колькі паслуг ці тавараў прадалі за месяц.
«Калі раней прадпрыемства атрымлівала страты, то тады юрыдычна яно не мела права даваць прэміі кіраўнікам. То зараз такая магчымасць будзе. Відавочна, што такія змены прымаюцца якраз у такім выпадку, калі кіраўнікі міністэрстваў ведаюць, што ў іх у канцэрнах шмат стратных прадпрыемстваў», – дадае Кірылюк.
Адзінае, што сапраўды магло б адбіцца на кішэні кіраўніцтва, – адмоўны каэфіцыент да прэміі, які можна прымяніць, калі прадпрыемства спрацавала дрэнна. Але ж і тут ёсць нюанс. Рашэнне аб дэпрэміяванні дырэктараў будзе прымаць унутраны савет саміх канцэрнаў.
«У савет кіраўніцтва заўсёды ўваходзяць самі кіраўнікі. І сам кіраўнік абразаць сабе заробак, я думаю, наўрад ці будзе. Тэарэтычна такое можа быць, але на практыцы мы не сутыкаліся з тым, калі хтосьці, хто можа сабе не рэзаць заробку, а нават яго павысіць, гэтага б не рабіў», – кажа Садоўскі.
Затое, калі арганізацыя спрацавала адпаведна з Дзяржпланам, прэмію выпішуць абавязкова. Дырэктарам ды іхным намеснікам у галінах нафты і хіміі да заробку дададуць 150% ад акладу. Кіраўнікам іншых канцэрнаў пашчасціла менш – ім, пры выкананні плану, да месячнага заробку дададуць яшчэ адзін.
Кацярына Гардзеева, «Белсат»