Беларуска прыме ўдзел у конкурсе «Miss Europe Continental»


Ужо заўтра ў Неапалі пройдзе фінал конкурсу «Міс Еўропа Кантыненталь». Беларусь там прадставіць дваццацітрохгадовая Элеанора Качалоўская . Сёлета ў верасні дзяўчына перамагла ў айчынным конкурсе прыгажосці «Міс Беларусь». Праўда, не абышлося без скандалаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Светлавалосая і блакітнавокая Элеанора Качалоўская, вядомая як Міс Беларусь-2023, на фоне Міжземнага мора ў Неапалі. Туды дзяўчына прыехала не ў адпачынак, а на конкурс прыгажосці «Міс Еўропа Кантыненталь». Сваім рыхтаваннем да ўдзелу ў еўрапейскім конкурсе Качалоўская дзялілася ў асабістым інстаграм-акаўнце: курсы англійскай, стварэнне адмысловай сукенкі, навучанне макіяжу і прычоскам. І ўсё гэта, паводле дзяўчыны, дзеля аднае мэты.

«Нашая задача цяпер – максімальна прэзентаваць Беларусь. Паказаць, хто мы, што мы і на што мы здольныя», – заявіла Міс Беларусь-2023 Элеанора Качалоўская.

Качалоўская ў мадэльным бізнесе з дзевяці гадоў, аднак набыла шырокую вядомасць пасля сёлетняга конкурсу «Міс Беларусь», дзе атрымала карону, тытул першай прыгажуні краіны, прызавыя грошы і ключы ад аўтамабіля «Джылі». Пры гэтым да перамогі дзяўчыны паўсталі пытанні. Качалоўская працуе менеджаркай у Нацыянальнай школе прыгажосці, якая ёсць адным з арганізатараў конкурсу, таксама Элеанора не прайшла іспыту на інтэлект: будучы выпускніцаю Універсітэту культуры і мастацтва, не змагла назваць аўтара вядомае беларускае п’есы «Паўлінка».

«Мне падаецца, яна была вельмі здзіўленая тым фактам, што ў інтэлектуальным конкурсе задалі пытанне на веды. Можа, яна чакала, што там будзе нейкае пытанне на разважанне. Бо ім заўсёды задаюць нейкае пытанне на разважанне: накшталт, калі б у вас быў мільён грошай, што б вы з імі зрабілі. І вось гэта – інтэлектуальны конкурс», – кажа гендарная даследніца Ксенія Мартуль.

Пасля перамогі Качалоўская, як і ейныя шматлікія папярэдніцы, пачала зʼяўляцца на праўладных мерапрыемствах. Гэтак, яе можна было пабачыць на суботніку падчас адкрыцця будоўлі патрыятычна-выхаваўчага цэнтру ў Берасці, а таксама на кінапаказе прапагандысцкай стужкі «На другім беразе». За магчымасць «простай дзяўчыне апынуцца ў казцы» мадэль дзякавала асабіста Лукашэнку.

Элеанора Качалоўская на конкурсе “Міс Беларусь”.
Фота: БелТА

«На мой погляд, яна такая маўклівая ахвяра. Для мяне ўсе гэтыя жанчыны, якія бралі ўдзел у гэтым конкурсе… Іх нельга назваць актывісткамі, што яны падтрымліваюць гэты рэжым, бо падтрыманне – гэта нешта актыўнае, яны ж вельмі пасіўныя. Іхная пасіўнасць прывяла да гэтага конкурсу… Лічу, што яны ігнаруюць гэты кантэкст, гэты парадак дня, ігнаруюць тое, што адбываецца ў нашых суседніх краінах», – мяркуе гендарная даследніца Ксенія Мартуль.

Нярэдка пасля конкурсаў прыгажосці іх удзельніцы робяць палітычную карʼеру. Гэтак, Міс Беларусь-2018 Марыя Васілевіч стала дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў і мела дачыненне да скандальнага законапраекту аб пазбаўленні беларусаў грамадзянства за так званую экстрэмісцкую дзейнасць. Узорам Васілевіч натхнілася і прэтэндэнтка на карону Міс Беларусь-2020 Бажэна Ярэміч, якая ва ўзросце дваццаці двух гадоў увайшла ў Канстытуцыйную камісію. І адную, і другую дзяўчыну нярэдка заўважалі ў кампаніі Лукашэнкі і ягонага найбліжэйшага асяроддзя. Беларускі мадэльер Саша Варламаў у праграме нашых калегаў «Шчыра кажучы» заявіў, што фактычна ўсе фіналісткі конкурсу «Міс Беларусь» паступалі на службу дыпламатычнага пратаколу і выконвалі функцыю элітнага эскорту.

«З гэтымі фіналісткамі заключалася дамова, што яны цягам двух гадоў мусяць адпрацаваць у гэтай службе. Ім бясплатна давалі ўсё адзенне на ўсе выпадкі жыцця. Усе магчымыя сітуацыі: спорт, бізнес-сняданак, вечаровыя ўборы. Пазней – абслугоўванне ў салонах прыгажосці, трэнажорныя залы, кватэры», – распавядаў беларускі мадэльер Аляксандр Варламаў.

У сваю чаргу, міс Беларусь-2023 пра палітычныя ці іншыя амбіцыі пакуль не заяўляла. Удзел у конкурсе «Міс Еўропа Кантынэнталь» паказвае, што дзяўчына зацікаўленая ў працягу мадэльнай карʼеры, тым ліку – за мяжою.

«Калі пераможца нацыянальнага конкурсу “Міс Беларусь” посціць фоткі з тэрарыстычнай арганізацыяй Вагнэра, гэта не спрыяе таму, што буйныя конкурсы прыгажосці накшталт “Міс свету” пагодзяцца, каб такія персаналіі бралі ўдзел», – кажа былы тэлевядоўца Іван Падрэз.

Фінал конкурсу «Міс Еўропа Кантыненталь» пройдзе дваццаць першага лістапада. Беларуска Элеанора Качалоўская прадставіць нашую краіну пад чырвона-зялёным сцягам.

Наста Печанькова, «Белсат»