Маштабы новай хвалі масавых затрыманняў павялічваюцца


Яшчэ 6 адвакатаў затрыманыя, паведамляюць крыніцы «Нашай нівы». На просьбу адвакацкай супольнасці іхных імёнаў не агучваюць, але вядома, што гэта ў тым ліку абаронцы вядомых палітвязняў. Прычына затрымання – невядомая.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Адна з імаверных прычынаў – гэта працягваць ажыццяўляць ціск на адвакацкую супольнасць. Яны толькі сочаць за тым, каб адвакаты не казалі, не пісалі і не рабілі таго, што не ўзгоднена з Міністэрствам юстыцыі», – называе прычыну былы адвакат Менскай гарадской калегіі адвакатаў Дзмітрый Лазавік.

Новая хваля масавых арыштаў накрыла і завадчанаў. На Гомельскі завод ліцця і нармаляў заехаў бусік з АМАПам ды жорстка затрымаў 14 працаўнікоў.

«Наколькі затрыманыя людзі ёсць сябрамі нейкай падпольнай арганізацыі? Хутчэй за ўсё, не. Гэта звычайная будзе нахалюга, калі можна так выразіцца. Павесяць нейкіх сабакаў, прыдуманыя гісторыі – у гэтых сілавых структурах умеюць гэта рабіць», – лічыць сябра страйкавага камітэту салігорскіх шахцёраў Дзмітрый Кудзелевіч.

За гэты месяц ужо затрымлівалі працаўніка «Горадня Азоту» і сябра незалежнага прафсаюзу Максіма Сенніка. А ў «Беларуськаліі» звольнілі дзясяткі працаўнікоў.

«Людзі не задаволеныя жыццём, але занявольвае ўсіх страх. Вяртаючыся да гомельскіх падзеяў, тое, што мы бачым сёння, гэта тая самая дэманстрацыя таго, пра што я сказаў. Людзей папросту запалохваюць, каб ніхто не пасмеў падняць галаву», – упэўнены Дзмітрый Кудзелевіч.

Прайшліся масавыя арышты і па іншых прафесіях. Так, былі затрыманыя не менш чым дваццаць псіхіятраў. Ад іх патрабавалі раскрыць інфармацыю пра пацыентаў.

Агулам жа ГУБАЗіК паведамляў, што ледзь не па шэсцьдзесят асобаў арыштоўвалі штодня на мінулым тыдні. Каля ста прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці, каля дваццаці – да крымінальнай.

«Інцыдэнт у Мачулішчах – гэта з самых апошніх, што падштурхнула да ўзмацнення рэпрэсіяў. Ну і гэтая сітуацыя як бы звязаная з затрыманнем у Горадні гэтага замежніка», – лічыць праваабаронца Алена Маслюкова.

І затрыманні апошнія тры тыдні адбываюцца па ўсёй краіне. Прынамсі 60 асобаў у Глыбокім, у Менску масава арыштоўвалі стралкоў, у Горадні – 11 хакейных заўзятараў, у Слуцку – траіх працаўнікоў газеты «Інфа-кур’ер», а ў садовых таварыствах пад Берасцем хадзілі дапытваць жыхароў. Зазвычай прычынаю называюць датычнасць да экстрэмісцкай дзейнасці, сувязі з палком Каліноўскага, дыверсію ў Мачулішчах.

«Гэта часткова тыя, каторыя былі ў спісах сілавікоў, калі іх прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці яшчэ ў 2020, у 2021 годзе. І гэта такія своеасаблівыя, як яны лічаць, прафілактычныя дзеянні. Ходзяць, спраўджваюць тэлефоны і ў іх знаходзяць нейкія падпіскі – то адразу ж адбываюцца затрыманні», – апісвае характар затрыманняў Алена Маслюкова.

Але ёсць тыя, да каго ўлады не могуць дабрацца – беларусы, якія выехалі за межы Радзімы. Намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч паведаміў, што ў вышуку цяпер тысяча такіх асобаў.

Яна Шэк, «Белсат»