23 красавіка – Вялікая субота ў праваслаўных і грэка-католікаў


Святочная служба на беларускай мове прайшла ў грэка-каталіцкай царкве Святой Тройцы ў Вільні. На службу прыйшлі беларусы і ўкраінцы. Вера і малітва сталі яшчэ больш патрэбныя людзям падчас вайны ва Украіне. Вось, што сказалі грэка-каталіцкія вернікі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа.

«Усё вельмі складана, але падчас малітвы ты адчуваеш, што не адзін, – і гэта вельмі добра. Дзеці мае далёка ад мяне, але сёння яны таксама ўсе ў царкве».

«Гэтае свята яшчэ больш нас натхняе на добрыя справы і да малітвы заклікае, дзякуючы якой яшчэ, можа быць, апамятаюцца тыя, хто вінаваты ў гэтым вялікім няшчасці ў свеце».

«Хрыстос уваскрэс, значыць, уваскрэсне і нашая Бацькаўшчына, сілы святла перамогуць сілы цемры і зла».

У цэрквах у Вялікую суботу чытаюць прароцтвы са Старога Запавету, прысвечаныя пахаванню Ісуса Хрыста і захаванню ягонага цела ў труне.

«Ісус Хрыстос не проста памер, ён сышоў у ад і пакуль быў у труне, сышоў у ад і вызваліў адтуль людзей, якія былі ў аду і мы гэта пакуль што святкуем, у нас пакуль што няма такога таржэства, што ісус уваскрос, але мы ведаем, што ён уваскрэсне і мы ведаем, што ён выратаваў людзей», – сказаў праваслаўны святар Аляксандр Шрамко.

Штогод у Вялікую суботу ў святыні Уваскрашэння Хрыстова ў Іерусаліме «сыходзіць» Дабрадайны агонь. Цырымонія традыцыйна прываблівае дзясяткі тысяч праваслаўных паломнікаў. Абрад нагадвае, што Бог дараваў людзям святло і свабоду. Увечары гэты агонь даставяць у Варшаву, і кожны вернік зможа запаліць ад яго сваю знічку. Сёлета ў варшаўскай парафіі Спачыну Прасвятой Багародзіцы вернікаў яднае вера ня толькі ў Бога, але і ў мір ва Украіне:

«Прыйшоў з думкамі, каб хутчэй прыйшоў мір і каб гэтым расейцам прыйшоў розум, а як прыйдзе да іх розум, то ўсё гэта скончыцца, бо вельмі цяжка гаварыць пра гэтую вайну».

«З такімі цяжкімі думкамі, усё цяжка і складана – не перадаць».

«Пакуль Расея будзе існаваць як дзяржава, яна будзе прыгнятаць і Украіну, і Беларусь са страшная сілай. Цяпер удар па Украіне, магчыма, будзе ўдар і па Беларусі».

«Я з Кіева, я хачу, каб у Кіеве быў мір – гэта самае галоўнае. І здароўя ўсім нашым родным, і каб нашыя мужчыны былі жывыя там».

Нягледзячы на змрочны настрой, людзі трымаюцца святочных традыцыяў – фарбуюць яйкі і пякуць паскі. Асвячэнне велікоднай ежы традыцыйна адбываецца пасля службы.

«Я родам з гор, і ў мяне такі арнамент, завецца бойкаўскі, як мяне бабуля навучыла і маці, і што ўкладала, каб быў мір на гэтым свеце. Малявала раслінкі, каб хутчэй была перамога. Я а 6-й раніцы ўстаю і адразу званю сыну, і толькі адна думка: ці падыме тэлефон ці не падыме, ці нехта іншы пазвоніць. Што магу сказаць – толькі каб быў мір на гэтым свеце», – кажа верніца з Украіны Аксана.

«Фарбаванне яек – гэта спосаб, якім людзі хочуць праславіць свята, якім хочуць узняць свята на новы эмацыйны узровень, каб нашая душа, цела, вочы – каб усё ўзяло ўдзел у гэтым уваскрашэнні, гэта рабілі нашыя сваякі, і гэта склалася ў традыцыю», – тлумачыць сястра Назарыя.

Сёлета варшаўскую Парафію Спачыну Прасвятой Багародзіцы наведала рэкордная колькасць людзей. Пераважная большасць з іх прыехала ў Польшчу з заходніх рэгіёнаў Украіны: Львова, Івана-Франкоўску, Вінніцы. Гэтыя людзі беглі ад вайны ў сябе на Радзіме.

«Як кажа ўкраінская прымаўка, як трывога, то да бога, і таму заўсёды, як нешта здарыцца важнае, дрэннае, то людзі пачынаюць думаць: а можа, нам трэба божая дапамога. Але гэтае вельмі чалавечае і вельмі карыслівае – яно не азначае, што людзі ўверавалі. Яно азначае толькі, што людзі хочуць сябе выратаваць», – зазначае іераманах Пятро Кушка.

Але ж увесь Велікодны тыдзень, які адлюстроўвае апошнія дні зямнога жыцця Ісуса Хрыста, паказвае, што апошняе слова ніколі не будзе за злом. Ісус Хрыстос пакутаваў, быў распяты і пахаваны, але ўваскрэс.

«У такіх трагедыях мы заўсёды знаходзімся пасля смерці чагосьці, але ведаем, што будзе ўваскрашэнне, і так трэба спадзявацца ў нашых справах, што датычыцца Беларусі і Украіны, што, як бы ні было змрочна, але ж будзе ўваскрашэнне», – сказаў праваслаўны святар Аляксандр Шрамко.

Менавіта ў такіх трагічных сітуацыях, як цяпер, людзям павінна дапамагаць хрысціянская вера, бо яна нясе веру, надзею і любоў – і ў гэтым уся мудрасць хрысціянства.

Вольга Васільева, «Белсат»