Наступ на «недружалюбных» працягваецца


Замежнаму бізнесу прыгатавацца. Дзяржава шукае грошы і прыдумляе механізмы спагнання. Спачатку назвалі краіны «недружалюбнымі», а цяпер для стваральнікаў кампаніяў з гэтых краінаў усталявалі гадавы ліміт на выплату прыбытку і дывідэндаў 80 тысяч базавых велічыняў у рублях ці эквіваленце. Парушэнне правоў і правілаў вядзення бізнесу – скажаце вы. Саўмін цвердзіць, што «абарона нацыянальных інтарэсаў». Ацанілі шкоду новай захады.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мэта кожнага бізнесу – атрыманне як мага большых даходаў. Лукашэнкаўскі Савет міністраў вызначыў столь у гадавых выплатах прыбыткаў і дывідэндаў – для кампаніяў, стваральнікі якіх належаць да спісу так званых «недружалюбных» краінаў:

«Калі сума выплачаных на працягу каляндарнага года прыбытку і (або) дывідэндаў перавышае ў сукупнасці на ўсіх замежных удзельнікаў, уласнікаў маёмасці рэзідэнта 80 тысяч базавых велічынь або эквівалент гэтай сумы ў замежнай валюце па афіцыйным курсе Нацыянальнага банку».

З 24-га красавіка максімум выплатаў кампаніяў будзе складаць 3 мільёны 200 тысяч рублёў. З затрыманнем часткі капіталу сутыкнуцца толькі бізнесы, якія маюць высокія прыбыткі.

«Кампаніі, так бы мовіць, заахвочваюцца (але гвалтам, не безальтэрнатыўнай аснове) грошы свае пакідаць унутры краіны – у Беларусі. Нават калі для такіх кампаніяў гэта можа быць эканамічна немэтазгодна», – каментуе фінансіст і эканаміст Віталь Алейнік.

Ад першага чэрвеня – стаўкі падатку на даходы 12 % і 15 % будуць прымяняцца замест ранейшай гнуткай – ад нуля да 15 %. А ад 1-га красавіка пастановаю нумар 164 урад павялічыў падатак на дывідэнды замежных арганізацый з заходніх юрысдыкцыяў. Падатак на даходы вырас з 15 % да 25 %.

«Гэта намаганні дагнаць поезд, які з’ехаў два гады таму і ўжо даўно за небасхілам. Калі ўводзілі гэты спіс, было зразумела, што людзі, якія разумнейшыя за іх, будуць выводзіць грошы. У тым ліку праз такі механізм, як дывідэнды, праз пазыкі, праз усе астатнія механізмы, пра якія добра ведаюць прадпрымальнікі», – кажа бізнесовец, вядоўца праграмы «Атма$фера» Аляксандр Кныровіч.

Але спахапіліся чыноўнікі толькі праз два гады. Уведзеныя Менскам у 22-ім годзе контрсанкцыі спачатку датычылі 190 кампаніяў, якім забаранялася адчужаць свае актывы і мяняць кіраўніцтва. Потым забралі таксама права выходзіць з бізнесу без дазволу ўладаў. Чорны спіс пашырылі да 1849-ці рэзідэнтаў. Усе яны з краінаў, якім рэжым вырашыў адказаць контрасанкцыямі – ад Еўразвязу і ЗША да Новай Зеландыі і Ліхтэнштэйну.

«Ніхто нічога не прадасць з замежным капіталам. Гэта будзе нацыяналізавана. Вось і ўсё», – казаў Лукашэнка ў лістападзе 22-га.

Сонечная электрастанцыя
Сонечная электрастанцыя.
Фота: Eclipse.sx / Wikimedia

Так і сталася. Сярод апошніх адбыўся рэйдарскі захоп кампаніі Solar-land, якая займалася генерацыяй сонечнай энергіі. Лукашэнкаўскі служака «Дзмітрый Баскаў – імаверны новы ўласнік гіганцкай сонечнай станцыі ў Чэрыкаве» – напісала «Наша Ніва». А як выжываюць іншыя?

«”Штадлер” – вытворца цягнікоў – скарацілі бізнес да мінімуму, захоўваючы пры гэтым сваю прысутнасць. Такая кампанія як, напрыклад, польскі CDRL S.A., фактычна пакрыўшы свае палітычныя рызыкі, якія прынялі на сябе, уваходзячы на рынак Беларусі», – прыводзіць прыклады Віталь Алейнік.

Выбіраюць не Беларусь некаторыя інвестары з сяброўскіх Лукашэнку краінаў. На ўласнае жаданне заходзіў і на ўласнае – пакінуў Беларусь буйны арабскі інвестар Мухамэд Алі аль-Абар, вядомы будаўніцтвам найвышэйшага будынку свету – «Бурдж Халіфа». У Менску меўся збудаваць шматфункцыйны комплекс «Паўночны бераг».

«Мы разумеем, што гэты самы арабскі інвестар, калі падпісваў дамовы на гэтае вялікае будаўніцтва, гэта было яшчэ да 2020 года. Тады перспектыва ў Беларусі выглядала зусім па-іншаму», – кажа Аляксандр Кныровіч.

Сённяшняму інвестыцыйнаму клімату ў Беларусі забудоўнік абраў сербскі, дзе будзе рабіць праект разам з зяцям Доналда Трампа Джэрэдам Кушнэрам.

Юлія Цяльпук, «Белсат»