У Беларусі расце колькасць хворых на адзёр і коклюш


У Беларусі часцей выяўляюць небяспечныя хваробы, якія лічыліся амаль пераможанымі. Хворых на адзёр і коклюш у краіне становіцца ўсё больш.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«За пэўны перыяд назапашваецца колькасць асобаў, якія не прайшлі вакцынацыі, і якраз яны спрыяюць узнікненню такіх выбухаў. Але, калі з года ў год падтрымліваць патрэбны ўзровень вакцынацыі – 95 % і вышэй, то такой цыклічнасці не адбываецца,  выпадкаў адру ў выглядзе выбухаў не будзе адзначацца», – кажа кіраўнік Нацыянальнай тэхнічнай групы экспертаў у пытаннях імунапрафілактыкі ва Украіне Фёдар Лапій.

Дактары адзначаюць, што лекаваць адзёр зрабілася цяжэй: вірус мутуе і робіцца ўстойлівы да антыбіётыкаў. Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, цягам апошніх трох гадоў колькасць смерцяў ад гэтай хваробы ў свеце павялічылася на 43 адсоткі.

«Небяспека адру ў тым, што гэта высока-кантагіёзнае захворванне. Гэта значыць, захворванне, якое вельмі лёгка перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Груба кажучы, калі захварэе адзін чалавек у пад‘ездзе шматпавярховага дома, гэта значыць, ёсць рызыка захворвання ўсіх жыхароў у гэтым пад’ездзе, калі яны не вакцынаваныя», – адзначае загадчык аддзялення імунапрафілактыкі аддзелу эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кірыл Ігнатаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вакцынацыя дзіцяці.
Фота: Dvidshub.net

Паводле Мінздароўя, з пачатку года заразіліся 204 беларусы. Траціна пацыентаў завезла вірус з Расеі – там колькасць хворых за два гады павялічылася ажно ў 288 разоў.

Занепакоенасць у айчынных медыкаў выклікае і сітуацыя з коклюшам. Спачатку сімптомы хваробы нагадваюць звычайную прастуду, таму шмат пацыентаў звяртаюцца да дактароў, калі вірус ужо замацаваўся ў арганізме.

«У чым сурʼёзнасць хваробы? Коклюшны таксін, дзейнічаючы на ​​дыхальны цэнтр, уводзіць яго ў парабіёз – у прыпынак. Гэта называецца “апноэ” – прыпынак дыхання. Вось тут хуткую выклікаць не паспяваеш ніяк», – дадае дацэнт кафедры дзіцячых інфекцыйных хваробаў Наталля Галькевіч.

Як і ў выпадку з адром, распаўсюд коклюшу звязаны са зніжэннем агульнага ўзроўню вакцынацыі. Сярод прычынаў з‘явы – нежаданне пацыентаў прышчапляцца расейскаю вакцынаю.

«Расейская вакцына – так званая АКДС – яна на самой справе часта пераносіцца цяжка: ліхаманка, болі, плямы чырвоныя ў месцы ін’екцыі», – адзначае дзіцячы доктар Міхал Самборскі.

Раней замест АКДС можна было паставіць вакцыны бельгійскай вытворчасці – «Інфанрыкс» і «Інфанрыкс-Гекса», але цяпер знайсці іх у Беларусі складана.

«Праблемы пачаліся года з 2020-21, былі затрымкі з пастаўкамі. Фірмы не хочуць супрацоўнічаць з беларускімі ўладамі», – кажа Міхал Самборскі.

Калі ёсць грошы, то замест расейскай вакцыны на платнай аснове можна прышчапіцца французскім прэпаратам «Гексаксім» ці канадскім «Адасэлем». У сталічных клініках за гэта трэба заплаціць 168 ці 105 беларускіх рублёў адпаведна.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»