Вялікая Брытанія дапамагае Украіне


Дапамагчы Украіне, узмацніць бяспеку Еўропы. У Варшаву прыбылі прэм‘ер-міністр Вялікай Брытаніі Рышы Сунак і генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг. Госці сустрэліся з брытанскімі вайскоўцамі, якія служаць у Польшчы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы абмяркоўвалі бяспеку Польшчы, Злучанага Каралеўства і Еўропы, і ў відавочным кантэксце, таму што за нашай мяжой ідзе вайна. […] Вядома, мы размаўлялі пра ўзмацненне нашай супрацы», – кажа прэм‘ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

Вялікая Брытанія вырашылася на найбольшы ў гісторыі пакет вайсковай дапамогі Украіне. У прыватнасці, Лондан перадасць Кіеву 60 катараў, 1600 ракетаў, у тым ліку Storm Shadow, 160 машынаў Husky, 162 бронемашыны, 78 пазадарожнікаў і 4 мільёны дробнай амуніцыі.

«Цяпер час ісці наперад. І я анансую дадатковыя паўмільярда фунтаў дапамогі Украіне – на падтрыманне ўкраінцаў на полі бою і ўзмацненне абароны ад бяздумных расейскіх бамбардаванняў», – тлумачыць  прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Рышы Сунак.

Прэм‘ер-міністр Вялікай Брытаніі Рышы Сунак у Варшаве.
Фота: Henry Nicholls / PA Images / Forum

Яшчэ раней генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг падкрэсліваў: дапамога замежных дзяржаваў Украіне – гэта не нейкая міласціна, а крокі, накіраваныя на ўзмацненне бяспекі Еўропы, якія аслабляюць магчымасці Расеі.

Пакуль еўрапейскія палітыкі сустракаліся ў Варшаве, Расея працягвае агрэсію супраць Украіны. Сёння 9 чалавек, у тым ліку 4 дзяцей пацярпелі ад налёту беспілотнікаў Shahed на Адэсу, у Дняпроўскім раёне ад расейскага абстрэлу пацярпелі 4 асобы, прынамсі 1 чалавек пацярпеў ад абстрэлу на Мікалаеўшчыне.

Эксперты падкрэсліваюць: Украіне надзвычай патрэбныя дадатковыя сістэмы супрацьпаветранай абароны. Выданне Bloomberg сцвярджае, што Нямеччына просіць ЗША перадаць яшчэ адзін компекс Patriot. У суботу Палата прадстаўнікоў ЗША нарэшце ўхваліла пакет дапамогі для Украіны на 61 мільярд долараў, тым самым пераламаўшы стагнацыю з актыўным падтрыманнем Кіева.

Рашэнне амерыканцаў можа даць імпульс на больш шырокае выдзяленне дапамогі і іншымі краінамі.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»