«Еўра-2024» пакажуць у Беларусі


У адрозненне ад Лігі чэмпіёнаў, сёлетні чэмпіянат Еўропы па футболе беларусы ўсё-ткі пабачаць. Аднак дазвол на паказ матчаў дае не Звяз еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў, а рэжымнае Міністэрства інфармацыі, якое ўнесла UEFA у пералік праваўладальнікаў з гэтак званых недружалюбных краінаў. Цяпер згода на трансляцыю іх кантэнту не патрабуецца.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі няма ліцэнзіі на вяшчанне, то гэта будзе разглядацца як пірацтва. Цалкам верагодна, што праваўладальнікі паспрабуюць звярнуцца ў суд, каб абскардзіць рашэнне. Але ў Беларусі часам бывае не да законаў», – лічыць медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Пірацтва ў Беларусі ўзаконіў Савет Міністраў летась у студзені. Закон дазваляе выкарыстоўваць аб’екты інтэлектуальнай уласнасці без згоды праваўладальнікаў з краінаў, якія «здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні». Гэта дазваляе ашчаджаць тэлеканалам немалыя сумы.

«Кошты на трансляцыю вагаюцца ад тэрыторыі, на якую вядзецца вяшчанне і ад узроўню рэйтынгу матчаў. Існуюць розныя механізмы ўсталявання цаны. Дакладныя лічбы не скажу, але яна вагаецца ад некалькіх мільёнаў, да дзясяткаў мільёнаў долараў», – паведаміў медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Зборная Беларусі па футболе
Нацыянальная зборная Беларусі рыхтуецца да матчу кваліфікацыі «Еўра-2024» супраць Андоры пасля прылёту ў Будапэшт, Вугоршчына.
Фота: belarus_football_team / Instagram

Пірацтвам на БТ займаліся і раней. У студзені 2023-га паказалі паўфінальныя матчы «Australian Open» з удзелам Вікторыі Азаранкі і Арыны Сабаленкі. А праз год дыктатар адзначаў перамогу Сабаленкі на «Australian Open» пад гукі пірацкай трансляцыі на «Беларусь 5». У спісе «недружалюбных» было і FIFA, таму беларускі глядач мог пабачыць чэмпіянат свету па пляжным футболе. Яшчэ далей у крадзяжы інтэлектуальнай маёмасці пайшлі ў кінавідэапракаце.

«Фільмы ідуць нават тыя, якія і не планаваліся ў пракаце. Сярод іх – кантэнт са стрымінгавых сэрвісаў, які паказваюць толькі ў інтэрнэце. Бачна, што гэта пірацкі кантэнт», – заявіў кінажурналіст Тарас Тарналіцкі.

Тарас Тарналіцкі кінапірацтва не ўхваляе, аднак пры ўсіх «але» бачыць у такой сітуацыі нават станоўчы бок.

«Гэта магчымасць далей падтрымліваць прадпрыемствы ў добрым стане і захоўваць культуру кінапрагляду, якая пасля 20-га і 22-га атрымала 2 моцныя ўдары», – дадае Тарас Тарналіцкі.

«Еўра-2024» пройдзе сёлета ў Нямеччыне з 14-га чэрвеня да 14-га ліпеня. У турніры возьмуць удзел 24 зборныя.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»