Міністр Зімбабвэ завітаў у госці да Лукашэнкі


Менск у чаканні зімбабвійскага амбасадара. А яшчэ – першай лэдзі афрыканскае краіны. Лукашэнка ў размове з міністрам замежных справаў Зімбабвэ Фрэдэрыкам Шавам абяцае дапамогу і падтрыманне сваім афрыканскім сябрам. Ды намякае, што чакае ў Беларусі зімбабвійскіх інвестыцыяў. Чым могуць уратаваць адзін аднога два геаграфічна далёкія, але такія блізкія ментальна рэжымы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларусь і Расея разам гатовыя супрацоўнічаць з Зімбабвэ. Пра гэта Лукашэнка заявіў падчас сустрэчы з міністрам замежных справаў і міжнароднага гандлю гэтае афрыканскае краіны Фрэдэрыкам Шавам:

«Словам, усё, што я абяцаў прэзідэнту, я зрабіў і працягваю рабіць, можаце на нас разлічваць».

Калі казаць пра непасрэдную супрацу Менску і Харарэ, то перадусім гаворка вядзецца пра гуманітарную галіну – медыцыну і адукацыю. З гэтае нагоды ў Менску чакаюць і першую лэдзі Зімбабвэ – Аўксіллю Мнангагўу. Што ж да эканомікі, то канцэрн «Беллёгпрам» ужо паабяцаў апрануць два мільёны зімбабвійскіх школьнікаў, а сам Лукашэнка агучыў яшчэ больш аптымістычныя планы:

«Мы гатовыя з вамі не проста абменьвацца таварамі. Мы гатовыя ствараць супольныя прадпрыемствы ў вас, мы гатовыя прыняць вашыя інвестыцыі ў Беларусі, калі гэта будзе вас цікавіць».

Новы імпульс беларуска-зімбабвійскія дачыненні атрымалі пасля візіту Лукашэнкі ў гэтую паўднёваафрыканскую краіну сёлетнім студзенем.

У выніку было падпісана два дзясяткі пагадненняў у розных галінах, а лукашэнкаўская прапаганда падавала гэты ваяж дыктатара як вялікае дасягненне. І калі інтарэсы Лукашэнкі ў Зімбабвэ палягаюць перадусім на карысных выкапнях гэтае краіны, то які інтарэс можа быць у афіцыйнага Харарэ? Яўген Красулін, эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях, падкрэслівае:

«Тут вельмі шмат усяго такога прыхаванага, што можа не толькі прынесці палітычнае задавальненне (маўляў, з намі таксама камунікуюць, мы едзем па свеце), але і неблагі прафіт».

У лютым зімбабвійскае выданне «The News Hawsk» са спасылкай на свае крыніцы паведамляла, што галоўнай мэтай візіту дыктатара Беларусі быў літый: маўляў, Лукашэнка паабяцаў пабудаваць на афрыканскім кантыненце адмысловыя прадпрыемствы для перапрацоўвання гэтага металу. Аднак ці ёсць у самаабвешчанага кіраўніка Беларусі на гэта рэсурсы, найперш кадравыя? Эканаміст Аляксей Харкевіч лічыць, што не:

«Гэта вялікія інвестыцыі ў фундаментальную навуку. У распрацоўку вопыту і выпрабаванняў. Мы разумеем, што нічога ў нас з гэтага няма. І трэба разумець, што ў найбліжэйшыя 50 гадоў наўрад ці з’явіцца».

Што ж да палітычнае супрацы, то тут, паводле вынікаў сустрэчы зімбабвійскага міністра і ягонага беларускага калегі Сяргея Алейніка, Харарэ і Менск паабяцалі падтрымаць заяўкі адзін аднаго на чалецтва ў Радзе бяспекі ААН. Эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін адзначае, што трапіць у арганізацыю для абедзвюх краінаў – малаімаверны сцэнар. Які ж тады палітычны сэнс гэтага візіту?

«Дзеля таго, каб адыграць гэтую ізаляцыю ў іншых рэгіёнах, яны пачынаюць актывізаваць стасункі паміж сабой», – кажа Яўген Красулін.

Дачыненні Беларусі і Зімбабвэ маюць працяглую гісторыю, найперш праз сувязі, якімі валодае адзін з самых блізкіх паплечнікаў Лукашэнкі, Віктар Шэйман. У 2021 годзе журналісты-расследавальнікі высветлілі, што сын Шэймана Сяргей і бізнесовец Аляксандр Зінгман праз афшорную кампанію валодаюць доляй у фірме «Zim Goldfields», якая здабывае золата ў Зімбабвэ. Яшчэ адная кампанія, «Sohra», да якой мае дачыненне набліжаны да Лукашэнкі бізнесовец Аляксандр Зайцаў, прадае ў Зімбабвэ карʼерныя самазвалы для здабычы алмазаў. У жніўні 2021-га паведамлялася, што ўрад Зімбабвэ ўхваліў праект будаўніцтва сонечнай электрастанцыі за сорак кіламетраў ад Харарэ на суму 125 мільёнаў долараў. Інвестарам выступіла беларуская кампанія.

«Мы пакуль не змаглі знайсці, хто менавіта, бо імёны хаваюцца, нуль інфармацыі хто, чаго. Але ёсць здагадка, што гэта, хутчэй за ўсё, бізнесоўца, звязаны з Лукашэнкам. Бо акрамя іх, у Зімбабвэ больш ніхто асабліва і не інвестуе», – падкрэслівае журналіст з Беларускага расследавальніцкага цэнтру Аляксей Карпека.

Дарэчы, сябры Лукашэнкі ў гэтай афрыканскай краіне перыядычна трапляюць у скандалы. Летась стала вядома пра закуп афіцыйным Харарэ беларускіх пажарных аўтамабіляў на агульную суму трыццаць два мільёны долараў. Тады парламент Зімбабвэ западозрыў, што кошт тэхнікі, якую планавалася закупіць праз кампанію Аляксандра Зінгера, быў завышаны, а самая купля мелася ажыццяўляцца праз шэрыя схемы. У выніку ўгоду анулявалі. Аднак ужо сёння віцэ-прэмʼер Беларусі Пётр Пархомчык заявіў, што Беларусь прыступіла да выканання кантракту, каб паставіць у Зімбабвэ пажарныя аўтамабілі.

Віталь Бабін, «Белсат»