Беларускія прадпрыемствы тармозяць рост экспарту?


Безыніцыятыўнасць беларускіх прадпрыемстваў стрымлівае рост экспарту. У тым ліку – і на расейскі рынак, дзе цяжка вытрымаць канкурэнцыю з кітайскімі вытворцамі. Пра гэта ў інтэрв’ю прапагандыстам заявіў намеснік старшыні Адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандр Ягораў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Часцяком пытанне нават не ў тым, што прадукцыя неканкурэнтаздольная. Часцяком пытанне ў тым, што асобныя прадпрыемствы не гатовыя актыўна працаваць на расейскім рынку ці не гатовыя надаваць дадатковыя паслугі ў выглядзе сэрвісу», – заявіў Аляксандр Ягораў.

На думку бізнесоўца і вядоўцы праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандра Кныровіча, прычына такой безыніцыятыўнасці прадпрыемстваў – адсутнасць матывацыі:

«Тое, што беларускія прадпрыемствы не збіраюцца працаваць добра з паслугамі, вядома ўжо больш за 25 гадоў. Гэтым адрозніваецца праца з МАЗам ад працы з “Мерседэсам”. Гэта наша такая дзяржаўная фішка».

Аб праблемах з экспартам беларускай прамысловай прадукцыі ў прыязную Расею раней гаварыў і Лукашэнка. На адмысловай нарадзе ён, прынамсі, абурыўся, што продажы беларускіх трактароў летась скараціліся на 18 %. Прасеў таксама экспарт холадняў і лядоўняў.

«Чаму пры гэтым рэжым так бʼе ў званы? Мне здаецца, што асноўная прычына: пры ўсёй той рыторыцы яны разумеюць, што ступень залежнасці ад Расеі празмерная. І калі тыя 2 гады вось гэтая завязанасць на Расеі дапамагла рэжыму выжыць, але чым далей, тым большая пагроза ад гэтай залежнасці. Таму яны шукаюць вось гэтыя магчымасці сысці», – адзначыў старэйшы даследнік BEROC Зміцер Крук.

Перспектыўнымі для дыверсіфікацыі Лукашэнка лічыць гэтак званыя краіны далёкай дугі.

«Рэжым Лукашэнкі не ў стане нарасціць экспарт у краіны гэтак званай далёкай дугі. Па-першае, рэжыму патрэбная цвёрдая валюта – долары ЗША ці еўра, а не фанцікі ці бартар, якія могуць прапанаваць тыя ж краіны Афрыкі ці азіяцкія дзяржавы. Па-другое, прадукцыя многіх беларускіх прадпрыемстваў на сённяшні дзень не вельмі канкурэнтаздольная», – падкрэсліў намеснік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: chandlervid85 / Freepik

Але ў Адміністрацыі Лукашэнкі зазначаюць свае праблемы для актыўнага асваення гэтых рынкаў. І гаворка не толькі пра падаражэнне лагістыкі.

«У гэтых краінах трэба працаваць. Немагчыма паслаць каталог сваёй прадукцыі і меркаваць, што хтосьці гэтую прадукцыю замовіць. Неабходна там жыць. Можа быць першы-другі год па 250-300 дзён праводзіць у камандзіроўках», – заявіў Аляксандр Ягораў.

У межах той жа дыверсіфікацыі рэжым атрымае і ўласны порт у расейскім Мурманску, які адкрывае Паўночны марскі шлях. Штогод праз яго плануюць перавальваць ад 25 да 30 мільёнаў тонаў беларускіх грузаў, у тым ліку ўгнаенні і нафтапрадукты. Скончыць будаўніцтва беларускага порту маюць у 2028 годзе.

«Будаваць порт у Мурманску, які запрацуе толькі праз 4 гады (а гэта абʼектыўна), не мае ніякага сэнсу. Бо праз 4 гады ці вайна скончыцца, ці не будзе санкцыяў, ці адбудзецца яшчэ нешта, што зробіць гэты шлях – а нагадаю, ён удвая даражэйшы – бессэнсоўным. Таму гэта яшчэ адная фантазія. Цікава, хто за яе заплаціць?» – дадаў Аляксандр Кныровіч.

Імаверна, рэжым плануе актыўна асвойваць марскую прастору. У Міністэрстве прамысловасці заявілі аб праграмах супольнага з Расеяй карабельніцтва. Аднак ні тэрмінаў, ні ўдзельнікаў пакуль не агучылі.

Ірына Юрʼева, «Белсат»