Увага, фішынг: менская пенсіянерка аддала злачынцам больш за 16 тысяч долараў


Новая схема фішынгу дзее ў Менску. Цяпер махляры тэлефануюць беларусам пад выглядам працаўнікоў «Белтэлекаму». Злачынцы прапаноўваюць купіць пакет паслуг для тэлебачання, а пазней завалодваюць асабістымі звесткамі ахвяры.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Больш за 16 тысяч долараў. Гэтыя грошы пенсіянерка з Менску збірала ўсё жыццё, а страціла ў адзін момант. 71-гадовая жанчына сталася ахвяраю новай схемы інтэрнэт-махляроў.

«Мне патэлефанавалі на “WhatsApp” і сказалі, што яны з “Белтэлекаму” і трэба падоўжыць дамову для “Залы”. Я вырашыла, што гэта, напэўна, махляры, таму што чула пра такое. І паклала слухаўку», – кажа пацярпелая пенсіянерка.

А вось SMS з фішынгавай спасылкай, якую тыя ж самыя махляры ад імя «Белтэлекаму» адправілі пенсіянерцы, падазрэнняў у яе не выклікала. Жанчына клікнула на спасылку і такім чынам перадала свае звесткі злачынцам. Пазней тыя яшчэ раз скантактаваліся з ахвярай, але ўжо пад выглядам фінансавай паліцыі, і заклікалі яе абараніць свае грошы, паклаўшы іх на адпаведны банкаўскі рахунак.

«На наступны дзень я прыйшла ў банк, каб паглядзець і зняць свае грошы. А грошай на рахунку не было», – распавядае пацярпелая.

Яшчэ адной ахвярай гэтай схемы стаў замежнік, што часова пражывае ў Менску. У мужчыны спісалі больш за 14 тысяч беларускіх рублёў.

Злачынная схема даволі простая: спачатку вы атрымліваеце званок праз мэсэнджар – «WhatsApp», «Viber» ці «Telegram». Махляр называецца аператарам сотавай сувязі і цікавіцца, ці маеце вы ў тэлефоне праграмы аператараў «А1», МТС і «life:)». Калі чуе адмоўны адказ, настойвае на ўсталяванні і дасылае фішынгавую спасылку. І вось – вы фактычна на кручку ў злачынцаў. Праз усталяваную праграму махляры атрымліваюць усе логіны, паролі і коды для інтэрнэт-банкінгу, што аўтаматычна дае ім і доступ да вашых сродкаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Anete Lusina / Pexels

«Для беларускай праваахоўнай сістэмы гэтыя злачынствы фактычна нераскрытыя. Усе пляцоўкі міжнародныя, з дапамогай якіх адбываецца падман грамадзянаў Беларусі, размешчаныя ў заходняй юрысдыкцыі, скажам так. І недаступныя для праваахоўных органаў ні рэжыму [Лукашэнкі], ні рэжыму Пуціна. Яны не абменьваюцца інфармацыяй, адпаведна, немагчыма раскрыць гэтыя злачынствы шляхам прававой дапамогі», – кажа прадстаўнік «BYPOL», былы прадстаўнік ГУБАЗіК, былы палкоўнік міліцыі Станіслаў Лупаносаў.

Яшчэ адзін папулярны від махлярства – пакупкі ў сацыяльных сетках і маркет-плэйсах. Толькі за апошні тыдзень у Менскі РАУС звярнуліся пяцёра жыхароў сталіцы, якія сталіся ахвярамі няўдзячных прадаўцоў. Усе пацярпелыя рабілі замовы паводле перадаплаты.

«Замовіў кветкі. Папрасілі перадаплату сто адсоткаў у сувязі з высокай загружанасцю. І я, не падумаўшы, адправіў грошы. У выніку кветак няма, дастаўка не прыехала – мяне падманулі», – распавядае адна з ахвяраў інтэрнэт-злачынства.

Паводле эксперта ў кібербяспецы Сяргея Дзенісенкі, пры набыцці тавараў у інтэрнэце варта прытрымлівацца пэўных правілаў бяспекі.

«Што гэта за рэсурс, калі ён быў створаны, ці няма там якіх-небудзь памылак, ці моцна заніжаная цана тавару, паглядзець юрыдычны адрас рэсурсу… І мая асабістая рэкамендацыя: плаціць за тавар пасля таго, як ён да вас трапіў. Груба кажучы, калі на пошце вы яго атрымаеце, тады і аплаціце», – раіць эксперт у кібербяспецы Сяргей Дзенісенка.

Пра спробу фішынгу ад іх імя заявіў і Офіс Святланы Ціханоўскай. Каманда абранай прэзідэнткі Беларусі нагадвае: яны ніколі не запытваюць асабістых звестак, не прапаноўваюць падпісваць дакументаў і не дасылаюць спасылак.

Наста Печанькова, «Белсат»