Папа Рымскі распавёў пра «вялікую Расею»


Ідэі вялікадзяржаўнай Расеі не могуць гучаць з вуснаў Папы Рымскага – на такой пазіцыі стаіць Міністэрства замежных справаў Украіны. Напярэдадні Папа Рымскі сустрэўся з каталіцкаю моладдзю ў Санкт-Пецярбурзе. У выніку масавага абурэння словамі пантыфіка Ватыкану прыйшлося даваць тлумачэнні. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Вы – нашчадкі вялікай Расеі». На гэтыя словы Папы Рымскага зрэагаваў спікер Міністэрства замежных справаў Украіны Алег Ніколенка. Маўляў, менавіта такой імперыялістычнаю прапагандаю Крэмль апраўдвае вайну супраць Украіны. Украінская грэка-каталіцкая царква падтрымала крытыку.

«Вельмі крыўдна, што расейскія вялікадзяржаўныя ідэі, якія, уласна, і ёсць прычынаю хранічнай агрэсіўнасці Расеі, свядома ці несвядома гучаць з вуснаў Папы Рымскага, місія якога, у нашым разуменні, якраз палягае на тым, каб расплюшчыць вочы расейскай моладзі на разбуральны курс цяперашняга расейскага кіраўніцтва», – напісаў на сваёй старонцы на Facebook спікер МЗС Украіны Алег Ніколенка.

Сапраўды агіднымі назваў словы Папы Рымскага і былы прэзідэнт Эстоніі Томас Хэндрык Ільвэс. Абуральнымі лічаць іх і каталікі Усходняй Еўропы.

«Вядома, што ў нашым гістарычным кантэксце гэта балючыя словы. Ну так, дакладна гэта былі балючыя словы», – тлумачыць каталіцкі вернік Арцём Ткачук.

Выступ, з якім Папа Рымскі трапіў у скандал, адбыўся 25 жніўня, падчас тэлемосту з расейскаю каталіцкаю моладдзю. Да нешматлікай аўдыторыі пантыфік звярнуўся з заклікам не забывацца на сваю спадчыну.

«Вы – спадкаемцы вялікай Расеі. Вялікай Расеі святых, правадыроў, вялікай Расеі Пятра Першага, Кацярыны Другой, той імперыі – вялікай, асветнай, вялікай культуры ды вялікай людскасці. Ніколі не адмаўляйцеся ад гэтай спадчыны. Вы – спадкаемцы вялікай матухны-Расеі, крочце наперад з гэтым. І дзякуй вам. Дзякуй за ваш спосаб быць, за ваш спосаб быць расейцамі», – сказаў Папа Рымскі.

Патрыярх Кірыла і папа рымскі Францішак на сустрэчы на Кубе ў 2016 годзе.
Фота: РПЦ / patriarchia.ru

Увесь тэкст прамовы Папы Рымскага апублікаваў сайт Vatican News, выдаліўшы словы пра вялікую Расею.

«Трэба памятаць, што папская беспамылковасць датычыцца толькі пытанняў веры, а пытанняў гісторыі, матэматыкі і фізікі яна не датычыцца. Відавочна, што Папа паходзіць з вельмі далёкага рэгіёну і мае сваё ўяўленне пра Расею… І яно разыходзіцца з тым, як мы ўспрымаем гэта ўсё», – пракаментаваў каталіцкі вернік Арцём Ткачук.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ён ладзіць малітвы за мір, прымае дзяцей ды ўцекачоў з Украіны. Сустракаўся з Уладзімірам Зяленскім і заклікаў да мірных перамоваў.

«Проста Украіне гэта не падабаецца, бо гэты мір ва ўсім свеце мае на ўвазе ледзь не капітуляцыю Украіны. Бо гэта ў наратывах яго чытаецца. І там жа чытаецца ледзь не падтрымка Расеі, не Украіны. Бо Папа Рымскі як рэлігійны дзеяч павінен выступаць не супраць гвалту, а супраць агрэсіі. А Расея – гэта дзяржава-агрэсар», – патлумачыў палітолаг-міжнароднік Андрэй Рудык.

Афіцыйны Ватыкан апраўдаўся за словы Папы. У прэсавай службе пантыфіка запэўнілі, што ён проста хацеў адзначыць пазітыўныя аспекты духоўнай ды культурнай гісторыі Расеі.

Аліна Скрабунова, «Белсат»