Нечалавечыя ўмовы ўтрымання вязняў у беларускіх калоніях. Гэтак, у Бабруйскай папраўчай установе нумар два закрылі краму, у якой можна было дакупаць прадукты ў перадачу. У Наваполацкай – эпідэмія грыпу і забарона на тэлефонныя званкі. А тых, хто на «хатняй хіміі», ганяюць прыбіраць снег.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Медсанчастка Наваполацкай калоніі нумар 1 перапоўненая. Праваабаронцы паведамляюць пра імаверную эпідэмію грыпу. Хуткаму распаўсюду вірусу ва ўмовах пенітэнцыярных установаў спрыяе тое, што хворых не адразу пераводзяць у медычны блок.
«Я размаўляў са зняволенымі, якія меры прымаліся, яны адказвалі: нічога не робіцца, нават з тэмпературай цябе не здымуць з прамзоны, ты павінен паміраць, каб нейкая медыцынская дапамога была аказаная», – узгадвае былы палітычны вязень, блогер Аляксандр Кабанаў, які быў у зняволенні падчас эпідэміі каронавірусу.
У Наваполацкай калоніі цяпер утрымліваюцца 106 палітычных вязняў. Сярод іх – былы кандыдат на прэзідэнта Віктар Бабарыка, блогер Ігар Лосік, стрыечны брат Паўла Латушкі – Анатоль, журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў ды іншыя. Сёння ж праваабаронцы прызналі яшчэ 15 асобаў палітзняволенымі. Паводле юрысткі Праваабарончага цэнтру «Вясна» Святланы Галаўнёвай, праваабарончая супольнасць гэткім чынам дае альтэрнатыўнае рашэнне таго, што чалавек пакараны непрапарцыйна ці не правамерна.
Павялічылася і колькасць тых, да каго на мінулым тыдні прыходзілі сілавікі ў справе аб харчовай дапамозе сем’ям вязняў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што пад пераслед трапілі болей за дзвесце чалавек. Некаторых ужо асудзілі паводле адміністратыўных артыкулаў. На некаторых з затрыманых заведзеныя крымінальныя справы паводле экстрэмісцкіх артыкулаў – удзел ці спрыянне дзейнасці.
Але, як мяркуе Святлана Галаўнёва, гэта не звязвала з самім статусам палітвязняў, а хутчэй з вельмі распаўсюджанай практыкай салідарнасці людзей з сем’ямі палітвязняў.
А тым часам асуджаных на «хатнюю хімію» ўлады сталі прыцягваць да прыбірання снегу. Гэтак, у Берасці «хімікі» прыбіралі тэрыторыю школы. А ў Мазыры асобаў з непагашанаю судзімасцю прыцягнулі да працаў на мясцовым Кургане славы.
Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»