Як зменіцца дзень адміністратыўнага арыштанта пасля паправак?


Новыя правілы для тых, хто адбывае адміністратыўны арышт. Каб зразумець, наколькі зменяцца ўмовы зняволення, мы пражывём дзень з арыштанцкага жыцця.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пасля прыбыцця асуджаны праходзіць агляд. Чалавека распранаюць, аглядаюць адзенне і абутак. Са зменаў у законе – удакладненне, што праглядацца мусіць кожнае шво, каўняры, падшэўкі. Абутак будуць спраўджваць знутры, выгінаць.

«Тыя змены ў правілах – яны ўвогуле ідуць за практыкай. Тое, што правілы ўводзяцца – гэта добра. Прынамсі, зразумела, калі ёсць правілы, што можна, што нельга. На жаль, нават пры такіх правілах часта яны парушаюцца», – лічыць юрыст і праваабаронца Раман Кісляк.

Калі затрыманага прыводзяць у камеру, апроч ложкаў ён, паводле закону, пабачыць санвузел, кран з вадою, тумбачку, сметніцу, стол і лаўкі. Яму выдадуць мыла, у тым ліку гаспадарчае, туалетную паперу, пасцельную бялізну. Посуд і прыборы выдадуць на момант прыёму ежы. Папраўкі ў законе забараняюць атрымліваць у перадачы кіпяцільнік і маленькае люстэрка.

Вольга Паўлава, якая адбывала чатыры адміністратыўныя арышты ў Беларусі ў 2020-м, распавяла, што не паўсюль ёсць разеткі, таму карысці ад кіпяцільніка ў кожным разе было мала:

«То быў лістапад, насамрэч, было халодна. І пры нас зайшлі супрацоўнікі, скруцілі 2 матрацы, вынеслі, і толькі потым нас завялі. Ну і зразумела, што ніхто нам не даваў ні бялізны, ні чагосьці яшчэ – як прывялі, так і прывялі».

Але ёсць і пазітыўныя змены – цяпер вязням дазволены пластмасавы кубак.

«Гэта так, гэта паляпшэнне. У прынцыпе, пры наяўнасці гэтага ў правілах можна казаць: “У мяне ёсць кубак”. Можна патрабаваць, каб яго перадалі. Таму што без гэтых пунктаў проста адвольна тлумачылі кіраўнікі ІЧУ або супрацоўнікі ізалятараў», – упэўнены Раман Кісляк.

Карміць мусяць тройчы на дзень, а таксама прыносіць пітную ваду.

«У цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў крадуць ежу арыштантаў. Ідзе, напрыклад, на вячэру катлета, каша і агурок – і вось агурка няма. (Смяецца). У ізалятары часовага ўтрымання заўсёды цалкам прыносілі», – узгадвае Вольга Паўлава.

Закон абяцае вязням настольныя гульні, кнігі, радыёпрыёмнік, алоўкі і паперу. Вольга распавяла, што калісьці атрымала толькі аловак з папераю:

«Калі не выдавалі алоўкаў, нічога такога – я папросту збірала гарэлыя запалкі, потым у вадзе размочваеш – і ўсё, нармальна ўсё піша, усё малюе».

Гадзіннікаў вязням і раней не дазвалялі, але цяпер гэта ўжо замацавана афіцыйна.

«Чалавек без гадзінніка трапляе ў сітуацыю, калі ён не бачыць і не разумее, колькі часу прайшло. Гэта такая дэпрывацыя часавая, гэта даволі цяжка. З 2020 года ўжо курэнне паводле раскладу – праз гэта ўжо можна адсочваць час», – абураецца Раман Кісляк.

Прапісанае і права на шпацыр. Звычайна гэта адмысловы двор. Можна хадзіць, стаяць, сядзець на лаўках, нягучна размаўляць, курыць і займацца спортам. Толькі вось гэта на паперы, а на практыцы Вольгу на шпацыр ані разу не выводзілі.

З улікам асаблівага стаўлення да палітычных затрыманых, застаецца спадзеў на дапамогу тых, хто на волі. Прадукты і рэчы, дазволеныя для перадачы, вы знойдзеце ў правілах унутранага распарадку месцаў адбывання адміністратыўнага арышту.

Важна правільна спакаваць перадачу. Прынесці яе могуць толькі родныя. Цукеркі, вафлі, печыва мусяць быць у празрыстых пакетах. На ўсялякі выпадак трэба ўзяць дадатковыя пакеты і кантэйнеры – у розных установах свае правілы. На ўпакоўцы мусіць быць тэрмін прыдатнасці або дата куплі. Адна перадача не можа быць цяжэйшая за 5 кг.

Памятайма і пра грошы ды лісты, якія можна дасылаць вязням.

Яна Шэк, «Белсат»