Чаму дырэктары не спяшаюцца займаць свае пасады?


Кантроль з самага верху. Ці кожны кіраўнік сельгаспрадпрыемства вытрымае такое? «Піянер-Агра», «Крупскі райаграсэрвіс», «Мядзельскі аграпрамэнерга» і нават «Беларуськалій-агра» шукаюць дырэктараў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Усяго ў Менскай вобласці без кіраўнікоў – 41 прадпрыемства. І гаворка не толькі пра сельскую гаспадарку. Гэта вынікае з пераліку вакансіяў на сайце Менаблвыканкаму. Чаму ж пустуюць дырэктарскія фатэлі?

«Гэта вялікая адказнасць, бо сілавыя структуры сочаць за іхнае дзейнасцю. І, па-другое, гэта невялікія заробкі для кіраўнікоў. У іх звязаныя рукі па тым, як ім трэба працаваць, і якія планы яны павінныя выконваць», – кажа навуковы працаўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Алег Мазоль.

Без дырэктара Барысаўскі раённы архіў і Барысаўская тыпаграфія, Смалявіцкі і Слуцкі водаканалы, футбольны клуб «Маладзечна-2018», Уздзенскі дзяржаўны каледж і нават Менскае абласное патолагаанатамічнае бюро. Па ўсёй Беларусі ў дзяржаўным банку вакансіяў на пазіцыю «дырэктар» – больш за 650 вольных месцаў.

«Былы дырэктар “Нафтану”, намеснік дырэктара, калі не памыляюся, па фінансах “Горадня-Азот” Балябін не так даўно… Сядзіць. І гэта такі працэс пастаянны, што нехта трапляе за краты. І людзям не хочацца», – тлумачыць прычыну нежадання працаваць кіраўнікамі сузаснавальнік «Рабочага руху» Юрый Рававы.

Деревообрабатывающее предприятие «Борисовдрев», дым с труб завода
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Барысаўскае прадпрыемства «Барысаўдрэў». Барысаў, Беларусь. 20 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Яшчэ адзін красамоўны прыклад – справа колішняга дырэктара прадпрыемства «Барысаўдрэў» Уладзіміра Мальцава. 9 гадоў таму на маладога кіраўніка ўсклалі адказнасць за правал у мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай галіны. Вынік – тры гады калоніі.

«У гэтай сістэме ўваход – рубель, а выхад – два. То бок увайсці можна, а выйсці адтуль будзе немагчыма без наступстваў», – зазначае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Часам нават калі чалавек і хоча заняць пасаду дырэктара, яго не бяруць, бо кандыдат не адпавядае жаданням працадаўца – дзяржавы, кажа Віталь Цыганкоў:

«Правяраюць усё: ад палітычнай лаяльнасці да наяўнасці “карты паляка”, і ўжо на гэтым многія людзі альбо самі разумеюць, што ім няма чаго там рабіць, альбо іх адсейваюць ужо ў прыёме. І тут пытанне прыярытэтаў сістэмы. Што ім больш важна: палітычная лаяльнасць ці каб працавала эканоміка? Не, ім важная палітычная лаяльнасць».

Як вынік, усё часцей дзяржаўнымі ўстановамі кіруюць сілавікі. Былога працаўніка Следчага камітэту Віталя Бялкоўскага, які актыўна заводзіў палітычныя справы на апанентаў Лукашэнкі, паставілі намеснікам дырэктара РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі.

«Гэта трэнд, які ўжо існаваў да 20 года, а пасля 20 года ён толькі ўзмацніўся. Калі бяспека так званая, яна становіцца больш галоўнай за выкананне мэтаў, дзеля чаго гэтая арганізацыя існуе», – заўважае Юрый Рававы.

Апроч недахопу дырэктараў Юрый Рававы звяртае ўвагу на агульны дэфіцыт спецыялістаў. Ягоныя словы пацвярджае статыстыка: за верасень колькасць занятых у эканоміцы скарацілася на 13 тысячаў чалавек.

Алесь Яшчанка, «Белсат»