«Калі Бабарыка ішоў у прыбіральню, пра гэта апавяшчала сігналізацыя»


З’явіліся звесткі пра Віктара Бабарыку. Асоба, якая была ў адной калоніі з палітвязнем, дала інтэрвʼю радыё «Свабода». Да гэтага некалькі месяцаў пра апазіцыянера не было зусім ніякай інфармацыі. Тое ж самае адбываецца і з іншымі вядомымі апанентамі рэжыму ў няволі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Восем месяцаў з-за сценаў наваполацкай калоніі не прыходзіць ніякіх звестак пра актуальны стан Віктара Бабарыкі. Аднак сёння радыё «Свабода» апублікавала сведчанні былога вязня пенітэнцыярнай установы – Аляксея (імя чалавека змененае). Ён сярод іншага расказаў, як за Бабарыкам сочаць у калоніі.

Таксама Аляксей пацвердзіў весткі пра пагаршэнне стану здароўя былога банкіра. І тое, што ён траціў прытомнасць, праз што Бабарыку летась у сакавіку змяшчалі ў медсанчастку. І там за ім надзвычай пільна сачылі.

Віктар Бабарыка ў судзе. Менск, Беларусь. 6 ліпеня 2021 года.
Фота: Алексей Матюш / Sb.by

У канцы красавіка 2023 года стала вядома, што Віктара Бабарыку паклалі ў больніцу. Тады крыніца праваабарончага цэнтру «Вясна» паведамляла, што экс-кандыдата збілі. І нават пасля шырокага розгаласу вакол гэтай навіны – родныя не змаглі атрымаць пацверджання, што здароўю і жыццю Віктара Бабарыкі нічога не пагражае.

Гэтаксама ўжо 350 дзён няма ніякіх звестак пра паплечніцу Віктара Бабарыкі з перадвыбарчага штабу – Марыю Калеснікаву. А таксама нічога невядома пра Максіма Знака, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка ды іншых.

Цяпер у беларускіх турмах і калоніях трымаюць 1427 палітычных вязняў. Прынамсі такую лічбу падае праваабарончы цэнтр «Вясна». Ініцыятыва ж «Dissidentby» паведамляе пра нашмат большую колькасць – 1615 асобаў.

Аляксандр Асколаў, «Белсат»