На прадпрыемстве «Галубічы» Глыбоцкага раёну па 2–3 месяцы затрымліваюць заробкі. Людзі выжываюць як могуць, але баяцца публічна выказваць абурэнне. Падрабязнасці – у нашага карэспандэнта.
Працуем без заробку, скардзяцца працаўнікі ўнітарнага прадпрыемства «Галубічы», якое лічыцца найбуйнейшым у Глыбоцкім раёне вытворцам мяса і малака. Але гучна выказваць абурэнне людзі асцерагаюцца, бо баяцца страціць працу.
Работнікі УП «Галубічы»:
«Баімся гаварыць… Быццам вы не ведаеце. Чаго пытаецеся? Не плацяць, канечне!»
«Ну, не плацяць, гавораць. Я ў калгасе не працую. Гавораць, ужо за тры месяцы не плацяць».
«Не плацяць… У вас дазвол на здымку ёсць?»
Кіраўнік сельгаспрадпрыемства «Галубічы» Ігар Вайцяховіч прызнае, што затрымкі з заробкам здараюцца:
«Заробак ёсць. Хто хоча зарабіць, той зарабляе. І заробак выплочваецца. Бываюць затрымкі. Але як працуем, так і зарабляем».
Да ліквідацыі запазычанасці бухгалтэрыя прадпрыемства дазволіла працаўнікам у мясцовай краме браць тавары на 30 рублёў – у залік нявыплачанага заробку. Хтосьці выжывае за кошт прысядзібнай гаспадаркі, хтосьці – дзякуючы пенсіям бацькоў. Раней людзі маглі зарабіць у суседнім Падсвіллі, што месціцца за кіламетр-два ад Галубічаў. Але цяпер і там праблемы з працаю.
«Рабочых месцаў у нас няма. Цяпер такая ж самая карціна з вінзаводам. Таксама распрадаецца», – кажа жыхар Падсвілля Мар’ян Місевіч.
Мясцовы блогер Кастусь Шыталь напісаў пра гэтую сітуацыю ў Адміністрацыю прэзідэнта, бо самі людзі бараніць свае правы баяцца:
«Людзі баяцца страціць нават тую працу, якая ёсць. Пануе ў людзей такое перакананне, што кіраўніцтва ім будзе помсціць, калі яны кудысьці будуць звяртацца».
Катусь Шыталь таксама прапаноўвае захады для кардынальнага развязання праблемы:
«Патрэбныя рэформы, патрэбнае разняволенне, пашырэнне гаспадарчай ініцыятывы, прыцягненне прыватных, а можа і замежных інвестыцыяў у сельскую гаспадарку».
Актывіст мяркуе, што паўплываць на ўлады мог бы толькі страйк. Аднак выглядае, што ці то людзі яшчэ маюць запас цярплівасці, ці то такіх антыкрызісных захадаў, кшталту набыцця тавараў у залік нявыплачанага заробку, – дастаткова.
Арцём Лява, belsat.eu