Айцец Юрый Вільк – грамадзянін Польшчы. Цягам 20 гадоў ён служыў у розных рэгіёнах нашай краіны. Апошнія гады – у Варапаеве на Пастаўшчыне.
У верасні святар атрымаў ліст ад упаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі, у якім паведамлялася пра скасаванне дазволу на святарскае служэнне і пражыванне ў Беларусі.
«Я па сваёй волі не зʼязджаю з Беларусі. Я адчуваю сябе рэпрэсаваным у гэтай сітуацыяй. Я нікому зла не зрабіў», – кажа Айцец Юрый Вільк.
Днямі ў Варапаеве прайшла імша, на якую вернікі з усёй Беларусі прыехалі развітацца са святаром. Паводле іх, ксёндз заўжды казаў праўду і вучыў гэтаму іншых. А высыланне з Беларусі можа быць помстаю ўладаў за грамадзянскую актыўнасць жыхароў Варапаева. Вось што кажуць вернікі:
« Бо ён пэўна нявыгадны быў цяперашнім уладам, калі іх можна так назваць, уладамі».
«Плакаў ксёндз, плачуць людзі, вельмі цяжка гэтае раставанне нам даецца, бо чалавек веры, праўды».
«Цяжка казаць словы развітальныя з чалавекам, да якога мы прывыклі, якога мы лічылі сваім, які нічога дрэннага нікому не зрабіў. Ён вучыў толькі змагацца са злом і верыць у лепшае».
«Хочацца пажадаць ксяндзу Юрыю, каб абавязкова вярнуўся да нас і мы будзем яго чакаць.Верым! Можам! Пераможам!»
Ксёндз Юрый Вільк удзячны людзям, якія былі побач з ім усе гэтыя гады, і кажа, што пакідае Беларусь з вялікім жалем, але з чыстым сумленнем.
«Не забуду гэтага, гэтага ніхто з нас не забудзе, гэта немагчыма забыць, буду помніць да канца жыцця, але прабачаю. Прабачыць трэба, бо тады толькі магу спаць спакойна, калі я прабачаю ўсіх», – сказаў Айцец Юрый Вільк.
Высыланне з Беларусі ксяндза Юрыя Вілька адбываецца ў час рэпрэсіяў і ціску на каталіцтва, які ўзмацніўся пасля прэзідэнцкіх выбараў. Супраць гвалту сілавікоў у дачыненні мірных пратэстоўцаў выступалі ня толькі святары, але і кіраўнік беларускага Касцёлу, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
«Мы бачым сёння – краіна раскалолася. І гэта вельмі вялікая бяда, бо раскол валадарства не мае будучыні. Трэба шляхам перамоваў вырашаць гэтыя праблемы», – лічыць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Бо ўсё гэта можа прывесці да неспадзяваных нейкіх яшчэ негатыўных вынікаў. У выніку 31 жніўня мітрапаліта не пусцілі ў Беларусь, калі той вяртаўся з Польшчы. Не зважаючы на тое, што Тадэвуш Кандрусевіч – грамадзянін Беларусі.
Алена Шабуня, Зміцер Лупач, «Белсат»