«Мы не маем ніякіх ілюзій – дадуць содні». Судзяць затрыманых на нядзельным маршы


Учора менчукі выйшлі на Марш суседзяў і шматлікімі калонамі прайшлі праз раёны. Сёння ж сваякі ды блізкія ад раніцы дзяжураць пад сталічнымі судамі.

Святлана чакае працэсу над сястрою Марынай, якую затрымалі ля гандлёвага цэнтру «Рыга».

«Ля сёмай вечара ў спісах у тэлеграм-каналах пабачылі, што быццам бы затрыманая. Паехалі да РУУС. Затым стала дакладна вядома пра затрыманне, і ноччу яе перавезлі на Акрэсціна», – кажа Святлана.

Сына Ірыны Назарыя схапілі там жа. Да вечара жанчына шукала яго ў спісах упраўлення ўнутраных справаў Савецкага раёну, і толькі а дзявятай гадзіне даведалася, што яго павязуць на Акрэсціна.

«Нас не падпускалі нават да РУУС, там стаяла ахова, і сказалі, што нічога не перададуць. Агулам вельмі культурна з намі размаўлялі, у гэтым плане ўсё нармальна, але не перадалі», – распавядае Ірына.

Трэці раз затрымалі неўролага Руслана Бадамшына. Адбылося гэта ў мікрараёне Уручча, калі сілавікі не далі аб’яднацца дзвюм калонам суседзяў. У спісах затрыманых апынуўся вядомы эканаміст і сябра Каардынацыйнае рады Зміцер Крук, якога сёння пакаралі пятнаццацідзённым арыштам.

«Мы цяпер у той сітуацыі, калі не ведаем усіх падрабязнасцяў. У СМІ ёсць меркаванае затрыманне Зміцера, калі судзіць па ім, то яно не было жорсткім. Але пасля таго, як Зміцер выйдзе ці праз адваката раскажа, можна будзе зразумець, наколькі было жорстка», – мяркуе Глеб Герман, прэс-сакратар штабу Віктара Бабарыкі.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што ўчора затрымалі 424 асобы. Вядома пра 15 пацярпелых з траўмамі рознай ступені, дванаццаці з іх спатрэбілася шпіталізацыя, у тым ліку маладому чалавеку з раненнем грудзіны гумоваю куляю. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, за кратамі да судоў засталіся 313 чалавек.

«Ёсць магчымасць людзей адпускаць да суда – гэта не зʼяўляецца парушэннем. Вядома, вялікая праблема ў тым, што людзей працягваюць збіваць пры затрыманнях. Мы бачым шмат паведамленняў, відэа, фота, як гэта адбываецца. На жаль, няма ніякай рэакцыі ад органаў, ні ад пракуратуры, ні ад Следчага камітэту. Ніхто не ўзбуджае справаў, не праводзіць праверак. Гэта цалкам ненармальна і непрымальна. Калі вы чалавека затрымліваеце, за любое злачынства яго нельга збіваць», – зазначае Наталля Сацункевіч з праваабарончага цэнтру «Вясна»

Праваабаронцы паведамляюць пра болей як 27 тысячаў затрыманых за ўвесь час мірнага пратэсту. Толькі за апошні месяц на нядзельных маршах затрымалі амаль тры з паловаю тысячы чалавек.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева(«Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!