Прычынаю адставання росту эканомікі ад планаў беларускага ўраду расейскія аналітыкі называюць недахоп структурных рэформаў. Штопраўда старт праграмы рэформаў улады Беларусі анансавалі ўжо праз 3 месяцы.
Прыватызацыя, аўтаматызацыя і хуткае адаптаванае да патрэбаў рынку адрозніваюць наймацнейшыя эканомікі свету, як кітайская, з ростам каля 7 % на год. Беларуская вырасце толькі на 2 % з запланаваных урадам 4 % – цвердзіць «Сбербанк» Расеі.
Цэнтр макраэканамічных даследаванняў расейскага «Сбербанку»:
«Структурных фактараў, якія абцяжарваюць паскарэнне эканомікі, некалькі, у тым ліку скарачэнне і старэнне насельніцтва, а таксама неэфектыўны дзяржсектар. Ёсць вялікія сумневы ў жаданні ды гатовасці ўладаў пайсці на структурныя рэформы».
Аналітыкі «Сбербанку» кажуць, што беларуская эканоміка інерцыйная і шмат у чым абапіраецца на прэферэнцыі Масквы.
«Такія каментары «Сбербанку» кажуць нам пра тое, што нам не дадуць танных грошай», – тлумачыць Яраслаў Раманчук, навукова-даследчы цэнтр «Мізэса».
Таму невыкананне паказнікаў – балючае, і голас кіраўніка краіны ўздымаецца нязменна з набліжэннем канца года:
«Мяне насцярожвае, што гэты эканамічны рост не толькі сціплы, але і крайне няўстойлівы, калі казаць мякка», – заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка (19.09.2019).
Праблемы ўлада ўсведамляе і да структурных рэформаў пяройдзе ўжо на пачатку наступнага года – паабяцаў сёння віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын яшчэ аднаму патэнцыйнаму донару Сінявокай – Сусветнаму банку:
«Але мы досыць рэальна ацэньваем нашыя магчымасці. Ва ўраду няма жадання нешта напісаць на паперы, максімальна зрушыць тэрміны ў нявызначанасць, каб потым гэтым не займацца. Калі мы прыйдзем да таго, што ўзгоднім пункты – то настроеныя іх выконваць».
Цяпер поўнаю хадою ідзе далейшае планаванне. Паўстаюць праграма на наступную 5-годку і нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця да 2035 года! Ці варта спадзявацца на цуды?
«25 гадоў чалавек кажа, што я заўтра кіну піць. Я больш не буду піць ці паліць папяросы! І 25 год запар ён кажа гэта штогод ці нават некалькі разоў на год. Ці можна верыць гэтаму чалавеку? Не!» – папярэджвае Яраслаў Раманчук, навукова-даследчы цэнтр «Мізэса».
Верыць хочацца, бо субсідаванне, якое цякло з Усходу больш за дзясяткі гадоў, урэзанае. Як і сёлета, у бюджэце наступнага года не будзе ільготнай цаны на нафту. А немадэрнізаваныя прадпрыемствы, на думку Яраслава Раманчука, магутнасцяў не павялічаць.
«Справа не толькі і не столькі ў паказніках, якія мы цяпер будзем абмяркоўваць. Станоўчыя вынікі працы эканомікі людзі маюць адчуць на сабе», – кажа Аляксандр Лукашэнка (19.09.2019).
Пры сёлетнім выкананні паказнікаў адчуць не ўдасца, як не ўдавалася і ў папярэднія гады. Чаму – разважаюць жыхары Віцебску:
«Прагнозы маглі быць завышаныя».
«Узнікаюць нейкія дадатковыя складанасці».
«Напэўна дрэнна працуем, таму не здзяйсняецца тое, што плануем».
«Мы б хацелі працаваць, але глядзіце, што робіцца з працоўнымі месцамі».
«Гэта прагнозы для справаздачнасці, для фікцыі».
Мадэль адкладання пераменаў на заўтра ўжо вычарпала сябе – лічаць у Сусветным банку і заклікаюць прыняць рэчаіснасць: перайсці да прыватызацыі часткі прадпрыемстваў, а стратныя закрыць.
Юлія Цяльпук belsat.eu
Фота: Anton Novoderezhkin / TASS / Forum