«Заслаўе – курортны горад». Прынамсі быў раней, кажуць мясцовыя жыхары. Пакуль у горадзе не з’явіўся смурод.
«Як толькі цямнее за акном, мы зачыняем вокны. І яшчэ па выходных, калі ніхто не робіць аніякіх замераў», – распавядае Ганна Ганчарык, жыхарка Заслаўя.
У забруджванні паветра заслаўцы падазраюць перадусім прадпрыемства «ІМЭКО» на вуліцы Гагарына і вытворчы ўчастак «ПоліТар-Пак» на вуліцы Дзяржынская. Кіраўнікі заводаў даводзяць, што іхная вытворчасць не толькі не шкодная, але і неабходная.
«Нашае прадпрыемства не выкідае ў паветра нічога. У нас шум мінімальны, мы вады не выкарыстоўваем. Калі мы перастанем перапрацоўваць, нас заваліць смеццем», – гаворыць дырэктар ПУП «ПоліТар-Пак» Барыс Тарасевіч.
Леанід Злотнікаў, кіраўнік ТАА «ІМЭКО», дадае:
«Гэта не страх людзей. Гэта няведанне таго, што робіцца».
Асноўная ж засцярога мясцовых жыхароў звязаная з тым, што той жа цэх «ІМЭКО», да прыкладу, размяшчаецца ўсяго на адлегласці некалькіх соцень метраў ад жылой зоны. Жыхар Заслаўя Аляксандр Балашэвіч гаворыць:
«Пластык пры награванні да 250 градусаў выкідае такую вялікую колькасць рэчываў, што ніхто не ведае, як яно там будзе і як паляціць».
На грамадскія слуханні, зарганізаваныя мясцовымі ўладамі, прыйшоў і палітык Віталь Рымашэўскі (БХД) – адзін з ініцыятараў звароту супраць гэткай вытворчасці. Пад ім падпісалася больш за 1000 мясцовых жыхароў:
«Цягам апошніх шасці гадоў Заслаўе ператвараюць у памыйку. Таму што тут звалка, на якую звозіцца смецце з усіх раёнаў. Тут шмат шкодных выкідаў. Людзі сюды прыязджаюць, набываць жытло, думаючы, што гэта цалкам чыстая экалагічная зона, а атрымліваецца зусім наадварот».
Аднак цалкам надзеі не губляюць. Ды плануюць дамагчыся правядзення незалежнай ацэнкі дзейнасці прадпрыемстваў, якая дасць адказы на ўсе пытанні.
Віталь Бабін, belsat.eu