Вечарам у нядзелю, 30 красавіка, Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў аб тым, што Нацыянальная выведная арганізацыя Турцыі паспяхова ліквідавала лідара так званай Ісламскай дзяржавы Абу аль-Хусэйна аль-Курашы.
Аперацыя прайшла прыблізна за 7 кіламетраў ад турэцкай мяжы ў горадзе Джындырэс на поўначы Сірыі. Як паведаміў Эрдаган, Абу аль-Хусэйн аль-Курашы быў нейтралізаваны падчас кропкавага ўдару, зробленага турэцкай выведкай.
Турэцкі лідар у інтэрв’ю тэлеканалу «TRT Turk» адзначыў, што «нацыянальная выведка Турцыі доўгі час сачыла за верхаводам «Ісламскай дзяржавы» Абу аль-Хусэйнам аль-Курашы».
«Моцная Турцыя – крыніца гонару для яе грамадзянаў. Тэрарысты больш не змогуць падняць галавы ў барацьбе. Гэта таксама спрыяе бяспецы Еўропы», – адзначыў Эрдаган, каментуючы праведзеную аперацыю.
Абу аль-Хусэйн аль-Курашы стаў на чале «Ісламскай дзяржавы» ў канцы лістапада 2022 года. Ён прыйшоў на змену свайму папярэдніку Абу аль-Хасану аль-Гашымі аль-Курашы, ліквідаванаму падчас аперацыі, праведзенай на поўдні Сірыі чальцамі Сірыйскай свабоднай арміі, падкантрольнай Турцыі.
Раман Шавель belsat.eu