Раніцай 1 верасня ў «Белэнерга» паведамілі пра аднаўленне электразабеспячэння ў населеных пунктах, якія пацярпелі ад непагадзі 30 і 31 жніўня.
Моцныя вятры і залевы сталіся прычынай парушэння электразабеспячэння ў 400 паселішчах, пераважна на Гарадзеншчыне, Меншчыне і Віцебшчыне. Наступствы непагадзі былі найбольш адчувальныя ў Астравецкім і Полацкім раёнах.
«На гэты час завершаныя асноўныя працы па ўборцы дрэваў і галінаў, якія ўпалі на лініі электраперадачы, ліквідацыі абрываў ЛЭП і замене пашкоджаных апораў ды ўключаныя ўсе спажыўцы, электразабеспячэнне якіх парушалася ў папярэднія содні», – заявілі ў «Белэнерга».
Паводле звестак Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, 30 жніўня ад ветру пацярпелі 30 паселішчаў у 14 раёнах. Былі пашкоджаныя дахі 39 жылых дамоў, 3 сацыякультурныя і 13 сельскагаспадарчых будынкаў. Зафіксаваныя 197 выпадкаў падзення дрэваў, якія пашкодзілі дзевяць аўтамабіляў.
Каля пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёну 25-гадовага мужчыну забіла ўдарам маланкі, калі ён выйшаў з машыны на вуліцу.
Гэта ўжо не першая смерць ад непагадзі ў Беларусі гэтым летам. На Вялейскім вадасховішчы 7 жніўня парывам ветру вырвала дрэва, якое ўпала і прыціснула 52-гадовага мужчыну. Ад атрыманых траўмаў ён памёр на месцы.
А 22 ліпеня над Заслаўскім вадасховішчам утварыўся сапраўдны смерч. У выніку падзення дрэва загінула дзяўчына, яшчэ два чалавекі пацярпелі.
Якуб Хруст belsat.eu