Лукашэнка прызначыў новага дырэктара ДФР і кіраўніка сакратарыяту УНС


Новым дырэктарам Дэпартаменту фінансавых расследаванняў КДК стаўся чэкіст Андрэй Самбук, а сакратарыят Усебеларускага народнага сходу ўзначаліў былы дэпутат Валерый Міцкевіч. Пра гэта паведамляе БелТА.

Будынак КДБ у Менску, Беларусь. Крыніца: wikimapia.org

Раней Андрэй Самбук кіраваў следчым упраўленнем КДБ. Да яго пасаду дырэктара Дэпартаменту фінансавых расследаванняў КДК займаў Ігар Маршалаў. У лістападзе яго адправілі амбасадарам у Зімбабвэ.

Прызначаючы Самбуку на новую пасаду, Аляксандр Лукашэнка заявіў сілавікам, што хоча абмеркаваць пытанні функцыянавання «двух найважнейшых сілавых структураў» – КДБ і фінансавай выведкі, якую перадалі ў КДК. Тут «праблемаў стае», зазначыў самаабвешчаны кіраўнік. Акрамя таго, заявіў, што трэба абмеркаваць «кадравую праблему»: у ДФР «трэба надаць пэўны кірунак, можа быць, звязаны больш з сістэмнаю працай, як у Камітэце дзяржбяспекі».

Валерый Міцкевіч.
Фота: housegovby / Telegram

Валерый Міцкевіч да нядаўна быў намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў VII склікання. У 2000-х быў намеснікам міністра юстыцыі, а таксама сябрам ЦВК. З 2009 да 2019 года займаў пасаду намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.

Цяпер Міцкевіч узначаліць сакратарыят Усебеларускага народнага сходу. Нагадаем, што УНС паводле новай Канстытуцыі мае статус «найвышэйшага прадстаўнічага органу народаўладдзя».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў