Больш за 280 тысяч ізраільцянаў выйшлі на акцыі супраць судовай рэформы


У Ізраілі 26-ы тыдзень запар адбыліся мітынгі супраць судовай рэформы. Напярэдадні, паводле ацэнак арганізатараў, што публікуе выданне «Times of Israel», на пратэсты выйшлі 280 тысяч асобаў.

Акцыя супраць судовай рэформы. Тэль-Авіў, Ізраіль. 1 ліпеня 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Самаю буйною акцыяй традыцыйна сталася дэманстрацыя ў Тэль-Авіве. Там сабраліся каля 150 тысяч асобаў, сцвярджаюць арганізатары. Два ўдзельнікі былі затрыманыя, калі пратэстоўцы паспрабавалі перакрыць галоўную аўтамагістраль гораду. Яшчэ аднаго дэманстранта арыштавалі за напад на іншых удзельнікаў акцыі падчас бойкі, паведаміла паліцыя.

Агулам пратэсты адбыліся ў 150 гарадах Ізраілю, у тым ліку ў Ерусаліме блізу рэзідэнцыі прэзідэнта.

«Times of Israel» адзначае, што барацьба вакол судовай рэформы пачала абвастрацца: заўтра ў парламенце чакаецца першае галасаванне за законапраект, што абмяжоўвае паўнамоцтва Вярхоўнага Суда ў ацэнках рацыянальнасці пастановаў ураду. Цяпер інстанцыя можа блакаваць урадавыя рашэнні, калі лічыць іх нерацыянальнымі.

Адзін з лідараў апазіцыі, колішні прэм’ер-міністр Яір Ляпід заявіў на мітынгу ў Тэль-Авіве: калі гэты законапраект ухваляць, «усе межы будуць пройдзеныя».

«Нам патрэбны стандарт рацыянальнасці, бо суд – гэта апошняя лінія абароны за ізраільскую дэмакратыю», – адзначыў палітык.

Пратэсты трываюць у Ізраілі з 7 студзеня, яны пачаліся праз тры дні пасля абвяшчэння судовай рэформы. Змены ў судовай сістэме прасоўвае прэм’ер-міністр Бэньямін Нэтаньягу. Ён хоча надзяліць парламент правам касаваць пастановы Вярхоўнага Суда, а таксама ўзмацніць кантроль ураду за выбарам суддзяў.

Hавiны
Дзясяткі тысячаў асобаў узялі ўдзел у дэманстрацыях у Ізраілі. Пратэсты трываюць 20 тыдняў
2023.05.21 09:05

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў