У Зімбабвэ зноў трапіла ў скандал кампанія, звязаная з беларусамі Шэйманам і Зінгманам


Кампанія «Zim GoldFields Limited» незаконна здабывала золата на тэрыторыі турыстычнага комплексу «Musangano Lodge», пастанавіў суд у зімбабвійскім горадзе Муратэ. Кампанія апратэставала рашэнне ў Вярхоўным судзе, але не стала чакаць вердыкту і аднавіла здабычу, расказвае мясцовае выданне «The Standard».

Выданне апісвае гэта такімі словамі: «Беларускія і кітайскія шахцёры ўварваліся на сусветна вядомы курорт, каб здабываць золата і іншыя мінералы».

Турыстычны комплекс належыць грамадзянцы Нямеччыны Брыгіт Кляйн Альтэркамп. Спачатку побач з комплексам, а затым і на яго тэрыторыі пачалі здабываць каштоўныя выкапні кітайская кампанія «Young Tech Engineering» і кампанія «Zim GoldFields», звязаная з атачэннем Аляксандра Лукашэнкі.

Яшчэ год таму стала вядома, што «Zim GoldFields» на 70 % належыць «Midlands Goldfields Foundation», якую зарэгістравалі на Сэйшэльскіх астравах беларускі бізнесовец і ганаровы консул Беларусі ў Зімбабвэ Аляксандр Зінгман і Сяргей Шэйман, сын прадстаўніка Лукашэнкі Віктара Шэймана, які ў 2013-21 гадах быў упраўляючым справамі Лукашэнкі.

Аналітыка
Скандальнае сяброўства: стасункі Беларусі і Зімбабвэ выклікалі новыя падазрэнні
2022.09.15 21:37

Альтэркамп расказала, што 5 траўня да яе звярнулася кітайская кампанія «Young Tech Engineering», якая расказала, што заключыла кантракт з беларускай «Zim GoldFields» і што нібыта мае спецыяльны грант ад ураду на здабычу каштоўных выкапняў. Але частка тэрыторыі, дзе кампаніі хацелі весці здабычу, знаходзілася ў прыватнай уласнасці грамадзянкі Нямеччыны. Кампаніі ў ліпені пачалі здабычу на тэрыторыі каля турыстычнага комплексу, спаслаўшыся на вусны дазвол Альтэркамп. А яна кажа, што дазволу не давала. Шум ад экскаватараў і самазвалаў непакоіў гасцей «Musangano Lodge».

У канцы жніўня кампаніі накіравалі Альтэркамп паведамленне, што пачынаюць здабычу проста на тэрыторыі ейнага комплексу. Яна звярнулася ў Вярхоўны суд Муратэ, той 1 верасня забараніў здабычу. Кампаніі адвялі тэхніку, але падалі апеляцыю з Вярхоўны суд Зімбабвэ і ад 6 верасня аднавілі здабычу з яшчэ большай сілай, хоць яшчэ не было рашэння па апеляцыі.

На якім этапе цяпер разгляд справы і ці спынілі кампаніі здабычу, не паведамляецца.

Як згадвае Reform.by, кампанія «Zim GoldFields» у пачатку 2021 года трапіла ў іншы скандал у тым жа раёне Зімбабвэ: два шахцёры загінулі, а яшчэ дзесяць ледзь не былі зажыва пахаваныя праз нядбайнасць. Цэнтр кіравання прыроднымі рэсурсамі Зімбабвэ заклікаў ануляваць дазвол кампаніі на здабычу каштоўных выкапняў і наогул спыніць выдачу грантаў інвестарам без належнай іх праверкі. Зінгман вясной 2021 года трапіў за краты ў Конга, але быў вызвалены праз 12 дзён допытаў.

Hавiны
Дыяменты, прадукцыя ВПК і пагроза перавароту. Што трэба ведаць пра арышт Зінгмана ў Конга
2021.03.31 09:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў