Генпракуратура Нямеччыны атрымала скаргу на беларускіх сілавікоў за катаванні і гвалт


Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: STRINGER / Reuters / Forum

У Генеральную пракуратуру Нямеччыны падалі скаргу на беларускіх сілавікоў за злачынствы супраць чалавечнасці.

Еўрапейскі цэнтр канстытуцыйных правоў і правоў чалавека (ECCHR) разам з Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў (OMCT) падалі скаргу генеральнаму пракурору Нямеччыны супраць шасці высокапастаўленых прадстаўнікоў органаў бяспекі Беларусі за злачынствы супраць чалавечнасці, паведамілі ў OMCT.

У скарзе ўтрымліваецца інфармацыя пра злачынствы з боку органаў бяспекі пасля 9 жніўня 2020 года, у тым ліку пра масавыя затрыманні, катаванні, знікненні людзей, сексуальны гвалт і палітычны пераслед.

Аб’ектыў
Офіс Святланы Ціханоўскай разам з Bypol заклікаюць Інтэрпол прыпыніць адказы на запыты з боку беларускага рэжыму
2021.10.28 22:27

Такія злачынствы могуць разглядацца ў Нямеччыне паводле прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі.

«Мы чакаем распачынання федэральным пракурорам папярэдняй справы ў дачыненні да вінаватых, бо ў самой Беларусі нябачна расследаванняў гэтых парушэнняў міжнароднага права. Пацярпелыя павінны мець магчымасць рэалізоўваць свае правы, і Нямеччына мае ўзяць у гэтым вядучую ролю. Забеспячэнне доказаў павінна таксама ўмацаваць еўрапейскі падыход да крымінальнага пераследу, а таксама захады ў рамках ААН», – тлумачыць Андрэас Шулер, дырэктар праграмы міжнародных злачынстваў і адказнасці ECCHR.

У сваю чаргу Джэралд Стабэрак, генеральны сакратар OMCT, заявіў пра «відавочныя доказы таго, што катаванні выкарыстоўваліся наўмысна і што яны былі шырока распаўсюджанымі і сістэматычнымі, што дасягнула парога злачынстваў супраць чалавечнасці».

«Гэта пацвердзілі розныя міжнародныя расследаванні, у тым ліку Маскоўскі механізм АБСЕ. Наша ўласная справаздача прадэманстравала, што Беларусь не прыняла ніякіх захадаў для пакарання за гэтыя злачынствы, вінаватыя ў якіх застаюцца на 100% беспакаранымі», – сказаў ён.

Артыкулы
«Тэрарыст і злачынца». У нямецкім Нюрнбэргу абмеркавалі, як прыцягнуць да адказнасці Лукашэнку і ягоных памагатых
2021.10.11 18:35

МГ belsat.eu

Стужка навінаў