Намеснік кіраўніка МУС Мікалай Карпякоў, які раней узначальваў ГУБАЗіК і асабіста змагаўся з пратэстоўцамі ў 2020-м, распавёў, што ў Беларусі будзе створаны яшчэ адзін падраздзел спецназу. Кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў лічыць, што такім чынам Карпянкоў спрабуе ў першую чаргу абараніцца ад беларускіх партызанаў. Пра гэта Азараў распавёў у жывым эфіры «Белсат».
Цалкам размову глядзіце тут:
«Беларусы рыхтуюцца да змены ўлады ў Беларусі – Карпянкоў рыхтуецца бароцца з гэтымі беларусамі», – разважае Азараў.
Былы сілавік упэўнены, што і месца размяшчэння гэтага падраздзелу каля Астрашыцкага гарадку – не супадзенне, бо акурат там адна з рэцідэнцыяў Лукашэнкі.
«Яму ўдалося паказаць сваю адданасць, і яму даручана ахоўваць цела Лукашэнкі. У свой жа час ён і быў так званым “дамавым” – ахоўнікам, які ночыў з Лукашэнкам у адным пакоі», – кажа Азараў.
На думку Азарава, такія дзеянні намесніка кіраўніка МУС скіраваныя на рэфармацыю сістэмы ўнутраных войскаў, каб падрыхтаваць іх да рэальнай барацьбы з беларускімі партызанамі, а не толькі са звычайнымі людзьмі, як гэта было ў 2020 годзе.
«Яны робяць стаўку не на беларускае войска, а на ўнутраныя войскі, на барацьбу з так званым унутраным ворагам, а цяпер гэта акурат беларускія партызаны», – распавядае былы сілавік і падкрэслівае, што менавіта таму Лукашэнка пускае вялікія грошы на ўтрыманне ўнутраных войскаў, ашчаджаючы іх на аднаўленні тых жа ваенных пракуратураў.
Таксама, паводле эксперта, варта чакаць ад Лукашэнкі і крокаў па мабілізацыі ў армію асуджаных па крымінальных справах, як гэта некалі зрабіў Прыгожын:
«Ён убачыў, што тыя людзі, якія раней сядзелі ў турмах, могуць быць карыснымі і на вайне».
Менавіта з гэтай жа мэтай павелічэння колькасці мабілізаваных спрашчаецца і самая сістэма прызыву.
Здымак вокладкі: Белсат
Марыя Голдстэйн belsat.eu