Затрыманні за чаты, украінскую стужку і кіраванне малаказаводамі. Рэпрэсіі 2 лістапада


Масавыя рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца больш за тры гады. Практычна штодня – новыя затрыманні, суды і паведамленні пра катаванні. «Белсат» расказвае, што стала вядома за адзін толькі дзень 2 лістапада.

Стужкі, якія сталі прычынай затрымання мужчыны
Стужкі, якія сталі прычынай затрымання мужчыны, імаверна, у Менску. Скрыншот: ананімны Telegram-канал, звязаны з сілавікамі з Беларусі

Паводле звестак «Нашай нівы», 1 лістапада былі затрыманыя кіраўнікі галоўных дзяржаўных малаказаводаў па ўсёй Беларусі, у тым ліку затрыманні былі на Лепельскім малочным камбінаце, у структурах магілёўскай «Бабушкінай крынкі». Выданне мяркуе, што затрыманым выставяць абвінавачванні ў «адкатах» ад дылераў за продаж таннай прадукцыі, як гэта было, напрыклад, у «цукровай справе»

Віцебскія сілавікі пахваліліся ў ананімным Telegram-канале тым, як цэлы натоўп узброеных байцоў АМАП уварваўся ў адміністрацыйны будынак, каб затрымаць мужчыну за відэа з мірных пратэстаў 16 жніўня 2020 года. Мужчыну пагражаюць зняволеннем на тэрмін да 4 гадоў.

Менскія сілавікі пахваліліся тым, што затрымалі мужчыну за жоўта-сінюю стужку і белую стужку з беларускім арнаментам, павязаныя на люстэрка машыны. У мужчыны знайшлі перапіску з блогерам Антонам Матолькам. На «пакаянным відэа» мужчына кажа, што нібыта «мантаваў ролікі на заданне адміністратараў Telegram-чату, якія дыскрэдытуюць органы ўнутраных справаў». Хоць на гэтым відэа мужчына кажа, што яго затрымалі за «бел-чырвона-белую» стужку, а сілавікі заяўляюць, што зусім не за стужку, з фота можна зрабіць выснову, што прычынай затрымання стала жоўта-сіняя стужка – на белай стужцы разглядзець чырвоныя элементы можна хіба зусім зблізу.

Агляд
Рэпрэсіі «выйшлі на плато». Даклад Беларускай асацыяцыі журналістаў
2023.11.02 18:30

Палітвязню Дзянісу Галаўко 1 лістапада прысудзілі тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія») за ўдзел у мірных пратэстах, піша «Гомельская вясна». Мужчына быў у няволі з 6 ліпеня 2023 года, быў вызвалены ў залі суду.

Таксама на тры гады «хатняй хіміі» і таксама за ўдзел у мірных пратэстах асудзілі менчука Рамана Рафеенку, перадае праваабарончы цэнтр «Вясна». Для запісу «пакаяннага відэа» яго прымусілі апрануць вышыванку і кепку з гербам Украіны. Сілавікі назвалі гэта «падазронымі прадметамі адзення». Вядома, што мужчына быў у няволі са жніўня. Суд прайшоў яшчэ 19 кастрычніка, пра вынікі паведамілі толькі цяпер. Судзіў мужчыну суддзя Міхаіл Макарэвіч.

Менчуку Ігару Нядбайлу прысудзілі паўтара года «хатняй хіміі» за ўдзел у мірных пратэстах у верасні 2020 года, паведамляе «Вясна». Суд прайшоў яшчэ 17 кастрычніка, пра вынікі паведамілі толькі цяпер. Судзіў мужчыну той жа Макарэвіч.

Hавiны
У Беларусі створаць новае спецпадраздзяленне ўнутраных войскаў
2023.11.02 11:44

Тыя ж гомельскія праваабаронцы паведамляюць, што ў гарадскім пасёлку Акцябрскі мясцовага жыхара Максіма Галавачэнку асудзілі на 30 гадзінаў грамадскіх працаў і канфіскацыю тэлефона за «захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» праз сацсетку Instagram.

У мінулую нядзелю ў Бабруйску былі затрыманыя былая доктарка Данута Дзячэнка і выкладчык з мясцовага каледжу Віктар Схаба, расказвае «Вясна». Іх затрымалі пасля ўскладання кветак і запальвання свечак пры помніку «ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсіяў» каля плошчы Перамогі. За гэта Дзячэнку аштрафавалі на 740 рублёў, Схабу – на 74.

У Горадні 2 лістапада адразу шэсць чалавек у розных судах судзілі за «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», даведаліся праваабаронцы на канале «Право имеют». Вынікі судоў невядомыя.

Праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка напісаў , што супраць яго распачалі новую крымінальную справу – за «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». Пра гэта ён расказаў у свой соты дзень на волі пасля двух з паловай галоў за кратамі. Цяпер Судаленка ў бяспецы за межамі Беларусі.

Hавiны
Лукашэнка раздаў суддзям падвышэнні. Большасць замешаная ў палітычным пераследзе
2023.11.02 21:25

Спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» 2 лістапада папоўніўся папулярным Telegram-каналам «Беларусь сейчас», Instagram-старонкай тэлевядоўцы Каці Пытлевай і яшчэ пяццю інтэрнэт-старонкамі.

2 лістапада дзень народзінаў адзначае журналістка «Белсату», палітычная зняволеная Кацярына Андрэева. У гэты дзень еўрапейскія дыпламаты разаслалі лісты палітзняволеным беларускім журналістам – а дэпутатка Еўрапарламенту апублікавала адкрыты ліст Кацярыне.

Польскія следчыя тым часам прыпынілі следства ў справе збіцця трох грамадзянаў Польшчы ў Менску пасля выбараў-2020. Прычына ў тым, што беларускі бок так і не адказаў на заклікі польскай пракуратуры наконт спрыяння расследаванню.

Але ёсць і ўмоўна добрыя навіны. На волю выйшаў палітвязень, былы намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, шматгадовы кіраўнік незалежнага прафсаюзу на «Гродна Азоце» Сяргей Антусевіч, расказала «Наша ніва». Ён быў у няволі з 19 красавіка 2022 года, яго асудзілі за «групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Таксама ўмоўна добрая навіна – пра беларускую салідарнасць. Збор грошай на дапамогу сем’ям палітвязняў-музыкаў гурту «Tor Band» набраў неабходныя 9 тысяч еўра за 19 гадзінаў, заўважыў кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак. Збор не закрывалі, набралася ўжо 11 тысяч еўра, ахвяраваць грошы для зняволеных за песні ўсё яшчэ можна.

Аналітыка
Беларусаў спыталі, якія лічбавыя праекты самыя карысныя. У топе «Кіберпартызаны» і BYSOL
2023.11.02 17:21

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў