Прысуд у «справе «Nexta» і затрыманне адміна тэлеграм-чату «Па-беларуску». Рэпрэсіі 3 траўня


Рэжым Лукашэнкі працягвае пераследаваць беларусаў за грамадзянскую пазіцыю, затрымліваць і выносіць палітычныя прысуды. «Белсат» распавядае пра рэпрэсіі, пра якія стала вядома 3 траўня.

Раман Пратасевіч у зале суда.
Фота: БелТА

3 траўня ў Менскім абласным судзе прагучалі прысуды ў справе супраць чальцоў рэдакцыі тэлеграм-каналу «Nexta» Рамана Пратасевіча, Яна Рудзіка і Сцяпана Пуцілы. Іх абвінавацілі ў змове з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу неканстытуцыйным шляхам. Чальцы рэдакцыі прызнаныя вінаватымі ў «публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады, актаў тэрарызму, абразе прэзідэнта, распаўсюдзе заведама ілжывых звестак пра Беларусь ды іншых злачынствах». Пратасевіч атрымаў 8 гадоў, Рудзік і Пуціла – адпаведна 19 і 20.

Пазоў у «справе «Nexta» разгледзяць у парадку грамадзянскай судовай вытворчасці. Раней Генеральная пракуратура паведамляла, што ў дачыненні абвінавачаных заяўлены пазоў аб пакрыцці маёмаснай шкоды на агульную суму больш за 30 мільёнаў рублёў.

Абноўлена
Вынесеныя прысуды ў справе «Nexta»: Пратасевіч – 8 гадоў, Рудзік – 19, Пуціла – 20
2023.05.03 13:51

У Менску 3 траўня пачаўся суд над праграмістам і адміністратарам тэлеграм-чату «Па-беларуску» Андрэем Філіпчыкам. Яго вінавацяць у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак паводле «народнага» артыкулу (ч. 1 арт. 342 КК). Справу прызначылі разглядаць суддзю Лідзію Цяліцу. Тэлеграм-канал «Па-беларуску» публікуе жарты і мэмы на беларускай мове. Пасля затрымання сілавікі пісалі, што на канале прасоўваліся «лацінка і нянавісць да расейскамоўнай сацыякультурнай прасторы».

У Горадні затрымалі музыку Аляксандра Гайваронскага, вакаліста кавэр-бэнду «Fair Play». На «пакаянным» відэа мужчына кажа, што выступаў у адзенні «забароненых колераў»: у відэа паказалі фота, дзе Аляксандр – у майцы з гербам Пагоня. Таксама музыка быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы.

У судзе Пінску няпоўнагадовага хлопца асудзілі за абразу Лукашэнкі на два гады «хатняй хіміі». 17-гадовага Кірыла Граноўскага абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 368 КК. Вядома толькі тое, што ў хлопца сканфіскавалі тэлефон «як сродак здзяйснення злачынства».

У Магілёве затрымалі маці 3-гадовага дзіцяці, якой пагражаюць крымінальным пераследам. Падставаю для затрымання сталася тое, што жанчына, застаючыся ў дэкрэце, была падпісаная на «экстрэмісцкія» чаты і каналы, дзе перыядычна пакідала каментары. Аднак на «пакаянным» відэа жанчына кажа, што не разумее, за што яе затрымалі, бо нічога супрацьзаконнага яна не рабіла.

Каментар
«Мы на дне, аднак Лукашэнка яго прабівае». Беларусь апусцілася на 157 месца ў рэйтынгу свабоды медыяў
2023.05.03 17:26

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў