Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская заклікала ўдзельнікаў дэмакратычнага руху заставацца вернымі каштоўнасцям. Пра гэта беларуская лідарка заявіла, каментуючы прысуд фігурантам «справы Nexta».
Святлана Ціханоўская пракаментавала прысуд Раману Пратасевічу, Яну Рудзіку і Сцяпану Пуцілу ў «справе Nexta», вынесены 3 траўня Менскім абласным судом.
«Гэты прысуд – яшчэ і праверка для ўсіх нас. Бо каштоўнасці, на якіх будуецца дэмакратычны рух, такія:
– ніхто не павінен быць асуджаны з палітычных матываў;
– ніхто не павінен праходзіць праз катаванні;
– нічыё жыццё не павінна быць прадметам гандлю», – сказала Ціханоўская.
Абраная прэзідэнтка Беларусі звярнулася да «кожнага беларуса і кожнай беларускі» з просьбаю: «Паглядзіце на сябе, ці засталіся вы верныя сваім каштоўнасцям? Бо без іх мы рызыкуем стаць падобнымі да помслівага, бесчалавечнага рэжыму. Я прашу вас заставацца людзьмі».
Ціханоўская нагадала, што ўдзельнікі дэмакратычнага руху выступаюць «за дэмакратыю і за тое, што ўсе роўныя перад законам». «Мы выступаем не за помсту, а за справядлівасць. Таму кожны, хто цяпер здзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі, павінен паўстаць перад судом. Але гэта мусіць быць незалежны і прафесійны суд».
Паводле дэмакратычнай лідаркі, на сённяшні прысуд у «справе Nexta» і любы іншы падобны прысуд можа быць толькі адзін адказ: «Усе беларусы, якія пераследуюцца ў палітычна матываваных справах, павінныя выйсці на волю».
Ціханоўская нагадала, што з шмат якімі зняволенымі праз палітычныя прычыны няма сувязі некалькі месяцаў, «ад нас усё яшчэ хаваюць інфармацыю аб стане Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка і соцень іншых палітвязняў. Да кожнага з іх павінны дапусціць адвакатаў і сваякоў».
«Свабоду кожнаму і кожнай!» – заявіла Ціханоўская.
Мірон Маліна belsat.eu