Экс-кандыдат на прэзідэнта і кіраўнік БСДГ Сяргей Чэрачэнь апублікаваў зварот пасля атрымання запрашэння на Усебеларускі народны сход у якасці госця.
«Для тых, хто не зразумеў. Мая партыя магла б разглядаць Усебеларускі народны сход як пляцоўку для абмену думкамі і абмеркавання плану развіцця Беларусі. Але цяпер гэта немагчыма. Я ўпэўнены: надыдзе час, калі абодва бакі будуць вымушаныя дамаўляцца. Але гэта, відавочна, не сёння. Сёння як апазіцыя, так і ўлада далёкія ад рэчаіснасці і не гатовыя развязваць існых праблемаў.
Я заўсёды адкрыты да дыялогу і гатовы супольна знаходзіць шляхі пераадолення складаных сітуацыяў. Усебеларускі народны сход не адлюстроўвае інтарэсаў маіх выбарнікаў і не дае магчымасці развязваць праблему палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага крызісу. Я буду назіраць за мерапрыемствам, але сярод удзельнікаў мяне не будзе», – заявіў палітык.
Раней Сяргей Чэрачэнь паведаміў, што яго запрасілі на УНС у якасці госця. Палітык падкрэсліў, што права голасу госці не маюць.
Такія ж запрашэнні атрымалі і іншыя партыйныя лідары. Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ігар Барысаў будзе раіцца з аднапартыйцамі. А вось экс-дэпутатка і былая кандыдатка на прэзідэнцкую пасаду Ганна Канапацкая пагадзілася на ўдзел у імпрэзе «па шматлікіх і настойлівых просьбах сваіх прыхільнікаў і калегаў».
ЯП, belsat.eu